БЕЛ Ł РУС

Чарнагорыя можа ўвесці візы для беларусаў ужо восенню

16.07.2026 / 19:45

Nashaniva.com

Чарнагорыя можа ўжо восенню ўвесці візавы рэжым для грамадзян Беларусі і Расіі ў межах паступовага прывядзення сваёй візавай палітыкі ў адпаведнасць з патрабаваннямі Еўрапейскага саюза. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне Dan са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Фота: vecteezy.com

Чарнагорыя ў працэсе падрыхтоўкі да ўступлення ў ЕС узяла на сябе абавязацельства да канца 2027 года прывесці свае правілы ўезду ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі. Гэта азначае, што краіне давядзецца скасаваць бязвізавыя пагадненні з дзяржавамі, грамадзянам якіх для ўезду ў ЕС неабходныя візы.

Паводле інфармацыі выдання, урад Чарнагорыі можа ў найбліжэйшы час прыняць рашэнне аб увядзенні віз для грамадзян Беларусі і Расіі. Чакаецца, што новыя правілы могуць пачаць дзейнічаць з 1 кастрычніка.

На наступным этапе гарманізацыі з візавай палітыкай ЕС могуць з'явіцца візавыя патрабаванні для грамадзян Турцыі, а пазней — для грамадзян Кітая, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Катара, Бахрэйна і іншых краін.

Цяпер грамадзяне Беларусі, Расіі, Турцыі, Саудаўскай Аравіі і шэрагу іншых дзяржаў могуць наведваць Чарнагорыю без візы тэрмінам да 30 дзён пры наяўнасці дзейнага пашпарта.

Поўнае прывядзенне візавай палітыкі Чарнагорыі да стандартаў Еўрапейскага саюза павінна адбыцца пасля ўступлення краіны ў ЕС.

14 ліпеня на 28‑м пасяджэнні канферэнцыі па далучэнні Чарнагорыі да Еўрасаюза былі папярэдне завершаныя перамовы па двух раздзелах — канкурэнтнай палітыцы і мытным саюзе.

Раней старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ўступленне Чарнагорыі ў Еўрапейскі саюз можа стаць рэальным у 2028 годзе.

Чытайце таксама:

Беларус расказаў, чаму вучыўся ў Чарнагорыі: У Варшаве здалася неспакойнай сітуацыя з шавінізмам

Якія еўрапейскія краіны найбольш запатрабаваныя беларусамі для адпачынку

Еўракамісарка ў справе пашырэння: Перад уступленнем у Еўрасаюз краіны-кандыдаткі мусяць зрабіць геапалітычны выбар

Каментары да артыкула