БЕЛ Ł РУС

Кітайскі стартап выпусціў ШІ-мадэль, якая абышла амерыканскія аналагі

17.07.2026 / 22:25

Сяргей Гезгала

Кітайская кампанія Moonshot AI прэзентавала новую нейрасетку Kimi K3, якая, як сцвярджаюць яе распрацоўшчыкі, у шэрагу тэстаў абыходзіць найноўшыя амерыканскія сістэмы.

Кітайская кампанія Moonshot AI прэзентавала новую нейрасетку Kimi K3. Фота CFOTO / Future Publishing via Getty Images

Кітайскія AI-лабараторыі здольныя канкураваць з амерыканскімі ў адной з ключавых тэхналагічных сфер.

Пекінскі стартап паведаміў у пятніцу, што да канца месяца плануе цалкам адкрыць код мадэлі — гэта значыць, любы ахвотны зможа бясплатна спампаваць яе і дапрацоўваць пад свае патрэбы. Kimi K3 мае 2,8 трыльёна параметраў, што, як сцвярджае кампанія, робіць яе найбуйнейшай адкрытай AI-мадэллю ў свеце, піша The Wall Street Journal.

Што такое параметры AI-сістэмы і чаму гэта важна

Параметры ў AI-сістэме працуюць прыкладна як нейроны мозгу: чым іх больш, тым больш ведаў здольная захаваць мадэль, таму іх колькасць часта выкарыстоўваюць як умоўны паказчык магутнасці. Адны кампаніі раскрываюць гэтыя лічбы публічна, іншыя — не. Anthropic, напрыклад, не абнародавала колькасці параметраў сваіх мадэляў, хоць, паводле ацэнак старонніх даследчыкаў, у Claude Opus 4.8, выпушчанай у маі, іх больш за 1,5 трыльёна.

Рэліз Moonshot стаў нечаканасцю для многіх у Крамянёвай даліне і пацвярджае меркаванне, што кітайскія лабараторыі наступаюць на пяткі амерыканскім канкурэнтам. Незадоўга да гэтага пекінская кампанія Z.AI прэзентавала сваю мадэль GLM-5.2, якая ў шэрагу тэстаў, асабліва ў праграмаванні, апярэдзіла некалькі вядучых амерыканскіх сістэм.

Паводле даных, дадзеных самой Moonshot, Kimi K3 абышла Opus 4.8 ад Anthropic і GPT 5.5 ад OpenAI у большасці тэстаў на праграмаванне і аўтаномныя дзеянні AI-агентаў. Праўда, да найлепшых закрытых амерыканскіх мадэляў — Fable 5 і GPT-5.6 Sol — кітайская распрацоўка пакуль не дацягвае.

Аналітыкі Jefferies назвалі гэты рэліз «нечаканым прарывам» і мяркуюць, што ён падштурхне далейшыя інавацыі ва ўсёй галіне.

У ШІ ЗША абганяе Кітай на «шэсць-дзевяць месяцаў»

Хуткі прагрэс Кітая ў сферы штучнага інтэлекту тлумачыцца намаганнямі Пекіна дасягнуць тэхналагічнай самадастатковасці ў канкурэнцыі з ЗША за лідарства ў гэтай сферы.

На адной з канферэнцый у сераду кіраўнік напрамку нацыянальнай бяспекі Anthropic Тарун Чхабра заявіў, што адрыў ЗША ад кітайскіх лабараторый у AI-мадэлях цяпер складае «прыблізна ад шасці да дзевяці месяцаў». Пры гэтым Anthropic раней абвінавачвала шэраг кітайскіх лабараторый, у тым ліку Moonshot і Z.AI, у выкарыстанні амерыканскіх мадэляў для навучання ўласных сістэм.

Кітайскія AI-мадэлі набываюць папулярнасць ва ўсім свеце яшчэ і таму, што многія з іх — з адкрытым кодам, а таксама звычайна абыходзяцца танней у эксплуатацыі, чым заходнія аналагі.

Хто інвеставаў у Moonshot

Сярод інвестараў Moonshot — венчурны фонд HSG і тэхналагічны гігант Alibaba. Кампанія ўжо пачала падрыхтоўку да першаснага публічнага размяшчэння акцый (IPO) у Ганконгу.

Moonshot, паводле крыніц, знаёмых з сітуацыяй, у рамках цяперашняга раўнда фінансавання ацэньваецца на 31,5 мільярда даляраў.

Чытайце таксама:

Стартап з беларускімі каранямі распрацаваў ШІ-інструмент для праграмавання

Ці варта дзецям карыстацца ChatGPT? Разважае сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер

Кампанія, якая распрацавала самы дарагі ШІ-стартап у свеце, мае незвычайную структуру кіравання

Каментары да артыкула