Беларусь наведае прэзідэнт Мазамбіка
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 18 ліпеня ў Мапуту правёў перамовы з прэзідэнтам Мазамбіка Даніэлам Шапу
Даніэл Шапу, Wikimedia Commons
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства перадаў мазамбікскаму лідару асабістае пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі з запрашэннем наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Запрашэнне было з удзячнасцю прынята.
Даніэл Шапу даручыў Міністэрству замежных спраў і супрацоўніцтва пачаць падрыхтоўку і напаўненне свайго візіту, паведамляе МЗС.
Даніэлу Шапу — 49 гадоў, ён быў абраны прэзідэнтам Мазамбіка ў 2025 годзе, перад гэтым два тэрміны быў губернатарам правінцыі Ін'ямбане.
На выбарах, што прайшлі ў 2024 годзе, быў кандыдатам ад кіроўнай партыі ФРЭЛІМА, што дабілася ў 1974 годзе незалежнасці ад Партугаліі.
А наогул Мазамбік — адна з найбяднейшых краін свету, ВУП складае 23 млрд даляраў у год (у Беларусі за мінулае паўгоддзе была 149 млрд рублёў, гэта прыкладна 52 млрд даляраў), за рысай беднасці жыве палова насельніцтва.
Wikimedia Commons
Герб Мазамбіка вельмі нагадвае беларускі дзяржаўны. У цэнтры матыга перакрыжавана з аўтаматам Калашнікава.