БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, дзе і кім працягне кар'еру Крыстафер Сміт

18.07.2026 / 19:02

Nashaniva.com

Як стала вядома «Нашай Ніве» з крыніц у дыпламатычным корпусе, Крыстафер Сміт, які раней быў намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы і курыраваў беларускі кірунак, стане кіраўніком місіі АБСЕ ў Малдове.

Крыстафер Сміт размаўляе са Святланай Ціханоўскай і яе дыпламатычным дарадцам Дзянісам Кучынскім. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

17 ліпеня стала вядома, што намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы Крыстафер Сміт у найбліжэйшы час пакіне сваю пасаду. Адна з крыніц выдання «Люстэрка», якая пра гэта паведаміла, сцвярджала, што дыпламат працягне сваю прафесійную кар'еру ў Малдове, але, імаверна, не ў структурах Дзяржаўнага дэпартамента.

Па інфармацыі, атрыманай ад нашай крыніцы ў дыпламатычным корпусе, Сміт стане кіраўніком місіі ў гэтай краіне Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе.

Крыстафер Сміт — кар'ерны супрацоўнік вышэйшага звяна дыпламатычнай службы ЗША. Пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара па справах Усходняй Еўропы ён займае з ліпеня 2023 года. Сміт валодае рускай і турэцкай мовамі. У 2022—2023 гадах ён быў намеснікам кіраўніка місіі ў пасольстве ЗША ў Кіеве.

На беларускім кірунку Сміт стаў адным з ключавых амерыканскіх дыпламатаў. У снежні 2023 года ён заяўляў, што «вельмі сумна назіраць за тым, як [Лукашэнка] распараджаецца Беларуссю дзеля дасягнення сваіх уласных карыслівых мэтаў», і падкрэсліваў, што ЗША гатовыя падтрымаць дэмакратычныя сілы ў прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.

З актывізацыяй дыялогу паміж Вашынгтонам і Мінскам у 2025 годзе Крыс Сміт стаў адным з галоўных перамоўшчыкаў.

У лютым 2025 года ён удзельнічаў у аперацыі па вывазе з Беларусі двух палітычных зняволеных і аднаго грамадзяніна ЗША. Дыпламат уваходзіў у склад групы, якая прыляцела ў Мінск, дзе сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй КДБ Іванам Церцелем.

У Офісе Святланы Ціханоўскай Крыстафера Сміта называлі «самым паслядоўным партнёрам у ЗША». Паводле слоў дарадцы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, у 2024—2025 гадах у іх адбылося восем асабістых сустрэч з амерыканскім дыпламатам у Вільні і Вашынгтоне.

Чытайце таксама:

Ключавы перамоўшчык ЗША з Лукашэнкам пакідае сваю пасаду

Калеснікава расказала пра сустрэчу з дыпламатам, які ўдзельнічаў у вызваленні палітвязняў

Цапкала кажа, што абмеркаваў у ЗША крокі, калі праваляцца намаганні Трампа па вызваленні беларускіх палітвязняў

Каментары да артыкула