У Шклоўскім раёне патануў 11‑гадовы хлопчык
Увечары 18 ліпеня на рацэ Бярозаўка каля вёскі Троіца Шклоўскага раёна адбылася трагедыя — загінуў 11‑гадовы хлопчык, паведамляе Таварыства ратавання на водах.
Фота: Таварыства ратавання на водах
Паведамленне пра здарэнне паступіла ратавальнікам каля 17:03. Цела дзіцяці вадалазы Таварыства ратавання на водах знайшлі прыкладна за чатыры метры ад берага на глыбіні пяць метраў. Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі смерць.
Паводле папярэдняй інфармацыі, двое дзяцей прыехалі да дамбы на роварах. Адзін з хлопчыкаў спусціўся да вады, паслізнуўся і ўпаў у раку. Другі спрабаваў паклікаць на дапамогу. Яго крыкі пачуў відавочца, які выклікаў ратавальнікаў.