Дым ад знішчанага складу Wildberries пад Масквой расцягнуўся на 250 кіламетраў
Паводле спадарожнікавых даных NASA, дым ад пажараў у Падмаскоўі пасля атакі беспілотнікаў на лагістычны цэнтр Wildberries пад горадам Электрасталь расцягнуўся прыкладна на 250 кіламетраў і наблізіўся да мяжы Арлоўскай вобласці, піша The Moscow Times.
Дымавое воблака плошчай каля 18 тысяч квадратных кіламетраў ахапіла значную частку Калужскай вобласці, уключаючы Калугу, а таксама асобныя раёны Тульскай вобласці. Яго паўднёвая частка знаходзілася прыкладна за 15 кіламетраў ад Арлоўскай вобласці.
Акрамя лагістычнага цэнтра Wildberries у Электрасталі, пад ударам апынулася і нафтабаза ў падмаскоўным Нагінску. На яе тэрыторыі размешчаныя рэзервуары для захоўвання бензіну, дызельнага паліва і авіяцыйнай газы агульным аб'ёмам каля 11,5 тысячы кубаметраў.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што ў ранішняй атацы на Маскоўскі рэгіён удзельнічалі больш за 370 беспілотнікаў. Паводле яго слоў, з пачатку тыдня на сталічны рэгіён было накіравана каля 1,9 тысячы дронаў.
Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў паведаміў, што ў выніку суботняй атакі пацярпеў 61 чалавек, з якіх 40 знаходзяцца ў бальніцах. Сярод траўмаў — аскепкавыя і выбуховыя пашкоджанні, чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, апёкі і атручванне прадуктамі гарэння. У Тамбоўскай вобласці, дзе таксама быў атакаваны склад Wildberries, паведамлялася пра семярых загінулых і 37 параненых.
Нягледзячы на вялікае дымавое воблака, улады Маскоўскай вобласці заявілі, што стацыянарныя пасты маніторынгу не зафіксавалі перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў у паветры. Аднак жыхарам усё ж параілі трымаць вокны зачыненымі і па магчымасці абмежаваць фізічныя нагрузкі.
Чытайце таксама:
Пасля атакі па двух складах Wildberries маглі пацярпець да 15% складскіх плошчаў кампаніі
Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries
Украінскія дроны ўдарылі і па складзе Wildberries у Падмаскоўі