«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне
За 11 дзён да атакі маркетплэйс зняў з сябе адказнасць за магчымыя страты ад удару беспілотнікаў, але ёсць важны нюанс — новыя правілы датычацца не ўсіх.
Пажар на складзе Wildberries. Скрыншот з відэа
У ноч на 18 ліпеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі два буйныя лагістычныя комплексы Wildberries — у падмаскоўнай Электрасталі і Катоўску Тамбоўскай вобласці. У Катоўску загінулі сем супрацоўнікаў начной змены, яшчэ дзясяткі людзей атрымалі раненні. Пазней стала вядома, што ў бальніцы памёр адзін з пацярпелых у Электрасталі. Такім чынам, колькасць загінулых вырасла да васьмі.
У абодвух комплексах пачаліся маштабныя пажары. Wildberries спыніў іх працу, а ўсе тавары, якія лічыліся на гэтых складах, часова зняў з продажу. Кампанія заявіла, што праводзіць інвентарызацыю і вернецца з інфармацыяй пра лёс прадукцыі пазней.
Сярод тых, чые тавары знаходзіліся ў Электрасталі, аказаліся і беларускія прадпрымальнікі.
«Два гады я прабівалася на гэтай пляцоўцы»
Уладальніца беларускага магазіна Pando4ka.by расказала, што адправіла новую партыю на Wildberries прыкладна за два з паловай тыдні да атакі.
«Мая праца згарэла сёння. Два гады я прабівалася на гэтай пляцоўцы, а цяпер мае карткі проста гасяць, калі тавару няма на складзе», — напісала яна ў трэдсах.
Колькі менавіта прадукцыі знаходзілася ў Электрасталі і колькі грошай страціла прадпрымальніца, яна публічна не паведаміла. Але для бізнэсу праблема не абмяжоўваецца коштам згарэлай партыі.
Калі тавар знікае са склада, яго картка перастае прыносіць продажы і паступова страчвае пазіцыі ў выдачы Wildberries. У выніку прадпрымальніца рызыкуе страціць не толькі саму прадукцыю, але і вынік двух гадоў працы: водгукі, пазнавальнасць, месца ў пошуку і паток пакупнікоў.
Цяпер Pando4ka.by заклікае кліентаў рабіць заказы наўпрост, з дастаўкай праз Белпошту і Еўрапошту.
«Wildberries вырас у мільярдны бізнэс менавіта за кошт нас, простых прадаўцоў. Я патрабую кампенсаваць людзям страты», — заявіла прадпрымальніца.
«Там захоўвалася большая частка халатаў»
Пра магчымую страту значнай часткі прадукцыі паведаміла і беларуская прадпрымальніца Вікторыя Роўбуц, якая прадае на Wildberries хатняе адзенне.
«У нас там захоўвалася большая частка халатаў. Просім вашай падтрымкі, замоўце сабе халацік. Распрададзім рэшткі і сыдзем з гэтай пляцоўкі», — напісала яна.
Прадпрымальніца назвала тое, што адбываецца на Wildberries, «беззаконнем» і заявіла, што пасля распродажу рэшткаў хоча спыніць працу з маркетплэйсам.
Памер магчымых страт яна таксама не назвала. Пакуль невядома і тое, ці атрымаў бізнэс афіцыйнае пацвярджэнне знішчэння прадукцыі. Wildberries часова прыбраў тавары з продажу, але гэта яшчэ не азначае, што кожная адзінка, якая лічылася ў Электрасталі, фізічна згарэла.
У каментарах пад допісам Вікторыі яшчэ адна прадпрымальніца паведаміла, што на складзе знаходзілася яе касметыка. Яна адзначыла, што пакуль чакае навін. Таму казаць пра пацверджаную страту гэтага тавару пакуль нельга.
Пажар на складзе Wildberries. Скрыншот з відэа
Wildberries сапраўды змяніў дамову перад атакай
Асцярогі расійскіх прадаўцоў маюць падставы. Новая рэдакцыя аферты Wildberries №98 была апублікаваная 1 ліпеня 2026 года і ўступіла ў сілу 7 ліпеня, за 11 дзён да атакі.
У дакуменце з’явіўся асобны пункт, паводле якога Wildberries вызваляецца ад адказнасці, калі тавар быў страчаны ў выніку прымянення, падзення або спрацоўвання ўзбраенняў, вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і лятальных апаратаў, у тым ліку БПЛА, а таксама ў выніку абстрэлаў і выбухаў.
Папярэдняя рэдакцыя таксама згадвала абставіны непераадольнай сілы, але беспілотнікі і іншыя ваенныя пагрозы асобна ў ёй не пералічваліся.
Пасля атакі 18 ліпеня кіраўніца Wildberries Таццяна Кім падкрэсліла, што кампанія не абавязаная кампенсаваць страчаны тавар. Тым не менш яна паабяцала пэўную дапамогу:
«Нягледзячы на надзвычайную сітуацыю і адсутнасць абавязку кампенсаваць страчаны тавар, мы ўжо прапрацоўваем аб’ёмы выплат прадаўцам і іншыя меры фінансавай падтрымкі».
Пакуль невядомыя ні памеры выплат, ні формула іх разліку, ні тэрміны. Але гаворка пра гарантаваную поўную кампенсацыю не ідзе.
Для беларускіх прадаўцоў дзейнічае іншая аферта
Важны нюанс: скандальная папраўка пра беспілотнікаў з’явілася толькі ў расійскай аферце.
Для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у Беларусі, дзейнічае асобная аферта Wildberries №51, якая ўступіла ў сілу 29 красавіка 2026 года. У ліпені яе не змянялі.
У гэтым дакуменце няма слоў «БПЛА», «беспілотнік», «абстрэл» або асобнага пераліку ваенных рызык. Там захавалася агульная норма:
«У выпадку страты тавару, за выключэннем выпадкаў, калі такая страта з’яўляецца наступствам абставін непераадольнай сілы, Wildberries абавязваецца кампенсаваць прадаўцу рэальную шкоду».
Акрамя таго, у беларускай аферце прапісана, што да адносін бакоў прымяняецца заканадаўства Беларусі.
Гэта не гарантуе аўтаматычнай выплаты: Wildberries можа паспрабаваць давесці, што атака беспілотнікаў была абставінамі непераадольнай сілы. Аднак кампанія не можа проста спаслацца на новы расійскі пункт пра БПЛА, калі кабінет прадаўца аформлены на беларускага ІП або беларускую юрыдычную асобу.
Пры гэтым вызначальнае значэнне мае не грамадзянства ўладальніка бізнэсу, а краіна рэгістрацыі прадаўца. Беларус, які працуе праз расійскага ІП або расійскую кампанію, падпарадкоўваецца расійскай аферце. Калі ж бізнэс зарэгістраваны ў Беларусі, дзейнічае беларуская версія дамовы.
Пункт пра беспілотнікі яшчэ не азначае, што можна спісаць увесь тавар
Нават становішча расійскіх прадаўцоў не такое безнадзейнае, як можа падацца.
Расійскія юрысты звяртаюць увагу: Wildberries недастаткова паведаміць, што на склад прыляцеў дрон. Кампаніі неабходна вызначыць, дзе знаходзілася кожная канкрэтная партыя і што менавіта з ёй адбылося.
Тавар мог быць знішчаны непасрэдным ударам або выбухам, згарэць пасля распаўсюджвання агню, пацярпець ад дыму, вады або абрушэння склада, згубіцца падчас эвакуацыі і перамяшчэння, знікнуць з уліку ўжо падчас інвентарызацыі.
Найбольш складана будзе патрабаваць грошы за прадукцыю, знішчаную непасрэдна ў зоне выбуху. Але калі тавар згарэў праз неэфектыўную сістэму пажаратушэння, парушэнне супрацьпажарных адсекаў, памылкі падчас ліквідацыі наступстваў або проста знік са складскога ўліку, спасылкі на агульны факт атакі можа быць недастаткова.
Беларускім прадаўцам гэтая логіка таксама можа спатрэбіцца. Ім важна захаваць справаздачы пра рэшткі на 17 і 18 ліпеня, гісторыю паставак і перамяшчэнняў, скрыншоты і відэазапіс асабістага кабінета, акты прыёмкі, накладныя і нумары паставак, дакументы, якія пацвярджаюць сабекошт прадукцыі, паведамленні Wildberries пра змяненне статусу тавараў.
Пакуль інвентарызацыя не скончаная, дадзеныя ў асабістым кабінеце могуць змяніцца.
Што будзе з заказамі пакупнікоў
Для людзей, якія ўжо замовілі тавары з пацярпелых складоў, сітуацыя прасцейшая. Спрэчка паміж Wildberries і прадаўцамі пра форс-мажор не пазбаўляе пакупніка права атрымаць тавар або вярнуць грошы.
Калі прадукцыя ацалела, яе могуць адправіць праз іншы лагістычны цэнтр — тады дастаўка проста затрымаецца. Калі тавар знішчаны, заказ павінны адмяніць.
Пры аплаце пасля атрымання грошы не будуць спісаныя. Калі пакупнік унёс перадаплату, яе павінны вярнуць на банкаўскую картку або ў WB-кашалёк.
Пакуль заказ можа працягваць адлюстроўвацца як тавар «у дарозе» або на складзе. Wildberries рэкамендуе чакаць абнаўлення статусу. Калі дастаўка затрымліваецца больш чым на пяць дзён, у дадатку павінна з’явіцца кнопка адмены.