Чаму Украіна ўдарыла па складах Wildberries і як усюдыісны маркетплэйс звязаны з расійскай арміяй
«Праверана на СВА», «Выбар байцоў СВА» — такія рэкламныя пазнакі можна пабачыць над некаторымі таварамі на «Вайлдберыз».
Пажар на складзе Wildberries у Электрасталі пад Масквой. Скрыншот з відэа
Пасля атакі на склады Wildberries у Электрасталі і Катоўску расійскія прадпрымальнікі пачалі масава расказваць пра страчаныя партыі, шматмільённыя пазыкі і пагрозу банкруцтва. Але замест спачування пад іх допісамі з’явіліся сотні каментароў ад беларусаў, украінцаў і казахаў.
«А ў чым прычына ўсяго гэтага?», «Вайна вярнулася да вашага дому», «А ці быў сэнс знішчаць «Новую пошту»?» — пісалі карыстальнікі.
Частка з іх адкрыта злараднічала. Іншыя спрабавалі давесці, што склады найбуйнейшага расійскага маркетплэйса былі не проста грамадзянскімі аб’ектамі. Што насамрэч вядома пра сувязь Wildberries з вайной?
Украіна мела прэтэнзіі да Wildberries яшчэ да 2022 года
У ліпені 2021 года Украіна ўвяла санкцыі супраць расійскай кампаніі Wildberries, яе заснавальнікаў Таццяны і Уладзіслава Бакальчукоў, а таксама замежных падраздзяленняў, у тым ліку беларускага.
Украінскія ўлады тлумачылі санкцыі тым, што праз маркетплэйс прадаваліся расійская вайсковая форма, прадукцыя з дзяржаўнай і мілітарысцкай сімволікай, а таксама кнігі з антыўкраінскім і прапагандысцкім зместам.
Wildberries адказваў, што з’яўляецца толькі пляцоўкай, а тавары размяшчаюць незалежныя прадаўцы. Кампанія называла рашэнне Кіева дыскрымінацыяй бізнэсу.
Wildberries — адзін з найбуйнейшых бізнэсаў і падаткаплацельшчыкаў Расіі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны гэта стала падставай для ўключэння кампаніі і яе ўладальніцы ў санкцыйныя спісы асобных дзяржаў як буйнога бізнэсу, які падтрымлівае эканамічную базу Расіі.
На Wildberries можна купіць усё для дрона
На Wildberries сапраўды прадаюцца тавары, якія могуць выкарыстоўвацца на фронце. Гэта вайсковая форма і тактычная экіпіроўка, бронекамізэлькі і ахоўныя элементы, рацыі, цеплавізары і прыцэлы, дэталі і модулі для FPV-дронаў, катушкі оптавалакна, навігацыйнае і электроннае абсталяванне ды іншае.
Такім чынам, Wildberries выкарыстоўваецца як пляцоўка для продажу прадукцыі падвойнага прызначэння.
Гэтай прадукцыяй могуць карыстацца і расійскія вайскоўцы.
Побач з некаторымі таварамі стаіць «рэкламная» пазнака — «Праверана на СВА», «Выбар байцоў СВА».
Скрыншот: wildberries.ru
Што заявіў Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў удары па двух лагістычных аб’ектах у Маскоўскай і Тамбоўскай абласцях. Ён назваў атаку адказам на расійскія ўдары па ўкраінскіх гарадах і цывільнай інфраструктуры.
Паводле Зяленскага, склады былі «задзейнічаныя агрэсарам для забеспячэння паставак падсанкцыйных камплектуючых для вытворчасці дронаў і навігацыйнага абсталявання».
Ці працуе Wildberries на акупаваных тэрыторыях
У сакавіку 2024 года прызначаны Расіяй кіраўнік акупаванай часткі Данецкай вобласці Дзяніс Пушылін заяўляў, што рашэнне аб выхадзе Wildberries і Ozon на гэтыя тэрыторыі ўжо прынятае.
Wildberries гэта адмаўляў і сцвярджаў, што не мае там уласных або партнёрскіх лагістычных аб’ектаў, пунктаў выдачы і перавозак.
Разам з тым у Данецку, Луганску і Марыупалі працуюць прыватныя пасярэднікі, якія забіраюць тавары Wildberries у Растоўскай вобласці і перавозяць іх на акупаваныя тэрыторыі. Напрыклад, сэрвіс «МИГ» прапануе аформіць заказ у пункт Wildberries у Растове-на-Доне, самастойна забірае яго і перавозіць на акупаваную частку Данецкай вобласці.
«Чаму вам не шкада ўкраінцаў?»
Пад допісамі расійскіх прадаўцоў сутыкнуліся дзве абсалютна розныя карціны таго, што адбылося.
Расійскія прадпрымальнікі кажуць: мы звычайныя людзі, мы не прымалі рашэння пачынаць вайну, але цяпер страцілі тавар, грошы і бізнэс.
Украінскія, беларускія і казахскія карыстальнікі адказваюць: вайна не пачалася 18 ліпеня на складзе Wildberries. Яна пачалася з расійскага ўварвання, а ўкраінцы ўжо некалькі гадоў страчваюць дамы і блізкіх.
«Сотні паведамленняў пра тавар. І ніводнага — пра спыненне вайны», — пішуць у каментарах.
«Больш за чатыры гады было часу, каб зразумець адну простую рэч: вайна вернецца ў родную гавань», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншы сфармуляваў яшчэ карацей: «Вы — краіна, якая ваюе, прычым агрэсар». Сустракаліся і рэплікі кшталту: «2022 — Адэса гэта рускі горад. 2026 — радуйцеся, што жывыя».
Некаторыя каментатары ставілі пад сумнеў права расійскіх прадпрымальнікаў аддзяляць бізнэс ад палітыкі. У адказ на словы пра страчаныя тавары і даўгі адзін чалавек напісаў: «Увогуле нікога з вас не шкада. Калі для вас бізнэс важнейшы за мараль — жывіце цяпер з даўгамі».
Іншы заўважыў, што буйны капітал і сам маркетплэйс перажывуць пажар, а асноўны ўдар прымуць сотні тысяч дробных прадпрымальнікаў.
Асобным сімвалам стала «Новая пошта», аддзяленні і тэрміналы якой неаднаразова траплялі пад расійскія ўдары. Украінцы пыталіся, чаму расіяне абураюцца знішчэннем Wildberries, але не задаваліся пытаннем пра сэнс атак на ўкраінскую паштовую і грамадзянскую інфраструктуру.
Побач з напамінам пра прычыны сустракаецца і адкрытае святкаванне пажару.
Акаўнт з украінскім трызубам на аватарцы напісаў па-англійску: «Цудоўна бачыць Мордар у агні». Іншы карыстальнік заявіў: «Па-першае, гэта проста прыгожа». На пытанне, навошта знішчаць склады з таварамі, яшчэ адзін адказаў: «Нам падабаецца. Гэтага дастаткова».