БЕЛ Ł РУС

У беларускі ў пашпарце адарвалася палоска перад першай старонкай. Што кажуць у Дзяржпагранкамітэце

21.07.2026 / 08:03

Nashaniva.com

У сацыяльных сетках абмяркоўваюць незвычайную праблему з беларускім пашпартам.

Карыстальнік Threads Улад расказаў, што ў яго жонкі адарвалася папяровая палоска перад першай старонкай дакумента, і пацікавіўся, ці могуць праз гэта ўзнікнуць праблемы пры перасячэнні мяжы, піша Onliner.by.

Мужчына апублікаваў фатаграфіі пашпарта і адзначыў у публікацыі акаўнт Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У каментарыях прадстаўнікі ведамства адказалі, што рэкамендуюць замяніць дакумент.

Пад допісам таксама з'явіліся дзясяткі каментароў карыстальнікаў, якія падзяліліся падобнымі выпадкамі. Адны сцвярджалі, што без праблем перасякалі мяжу з яшчэ больш сур'ёзнымі пашкоджаннямі пашпарта, іншыя расказалі, што з-за гэтай палоскі ім задавалі дадатковыя пытанні.

«Калі будзеце вяртацца, могуць узнікнуць пытанні. Мяне хвілін дзесяць затрымалі на мяжы», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Іншы каментатар паведаміў: «Летась вярталіся ў Беларусь, і ў сястры была надарваная гэтая палоска. Хвілін пятнаццаць круцілі пашпарт у руках і задавалі пытанні. Але, на шчасце, усё абышлося».

Тая самая палоска перад першай старонкай беларускага пашпарта — гэта не элемент абароны, а тэхналагічны элемент пераплёту і ламінавання дакумента.

Чаму ж тады праз яе ўзнікаюць пытанні? Справа ў тым, што пашкоджанне гэтай палоскі можа выглядаць так, нібыта з пашпарта вырвалі або спрабавалі замяніць старонкі. Таму памежнікі абавязаныя пераканацца, што ў дакумент не ўносіліся ніякія змены і ён не падвяргаўся ўмяшанню.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула