БЕЛ Ł РУС

Вячаслаў Даніловіч, які ганіў бел-чырвона-белы сцяг і хваліў Сталіна, стаў адным з кіраўнікоў Акадэміі навук

21.07.2026 / 09:49

Nashaniva.com

Прапагандыст Вячаслаў Даніловіч стаў акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго прозвішча з'явілася на афіцыйным сайце ўстановы, заўважыла «Люстэрка».

Фота: Ont.by

Чалавек, які займае гэтую пасаду, курыруе працу ўсіх гуманітарных структур НАН. Гэта інстытуты гісторыі, сацыялогіі, філасофіі, эканомікі і іншыя.

Вячаслаў Даніловіч па спецыяльнасці гісторык-педагог. У НАН ён перайшоў у 2006 годзе ўслед за сваім кіраўніком з БДПУ Аляксандрам Каваленем. Менавіта Каваленя з 2009 года займаў пасаду акадэміка-сакратара, але сёлета яму споўнілася 80 гадоў, і, верагодна, ён выйшаў на пенсію, перадаўшы пасаду свайму пратэжэ.

Даніловіч паспеў пабыць кіраўніком Інстытута гісторыі, рэктарам Акадэміі кіравання, а ў 2024 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Ён з'яўляецца адным з галоўных экспертаў дзяржаўнай прапаганды, рэгулярна выступаючы ў дзяржаўных СМІ і на тэлебачанні.

У жніўні 2020 года Даніловіч у тэлеэфіры спрабаваў дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сцяг, сцвярджаючы, што гэта сцяг калабарантаў (маючы на ўвазе БНР), якія нібыта нават не збіраліся ствараць незалежную дзяржаву. Гэтыя заявы адразу ж былі абвергнутыя іншымі гісторыкамі.

Таксама Даніловіч усхваляў Іосіфа Сталіна, які быў ініцыятарам масавых рэпрэсій: «Той жа Іосіф Вісарыёнавіч Сталін адыграў вялікую ролю ў дасягненні перамогі, як бы мы да яго ні ставіліся. Таму што адна справа, калі патрыятычна настроена грамадства, але вельмі важна, калі гэтаму грамадству ёсць вакол каго аб’яднацца. Ёсць лідар — як у нас у Рэспубліцы Беларусь», — казаў ён.

Чытайце таксама:

Дэпутат-гісторык Даніловіч расказаў пра 28 еўрапейскіх народаў, якія прыйшлі захопліваць Беларусь разам з Гітлерам

Дэпутат-гісторык Даніловіч: Сталін адыграў вялікую ролю ў дасягненні перамогі. Важна, калі ёсць лідар — як у нас у Беларусі

Каментары да артыкула