У сталіцы здаецца студыя плошчай 15 метраў. А што, ужо і такія бываюць?
Аб’ява з прапановай арэнды аднапакаёўкі непадалёк ад метро Грушаўка за $250 адразу выклікала ажыятаж. Праўда, нягледзячы на наяўнасць уласнага закутка-кухні ды ізаляванага туалета з душавой кабінай, у рэальнасці гэта ніяк не назавеш кватэрай.
Пасля вялікай колькасці званкоў ад зацікаўленых сама гаспадыня ўдакладніла дэталі: гэта студыя плошчай 15 м² у памяшканні тыпу камуналкі з агульным калідорам. То-бок звычайную кватэру тут падзялілі на некалькі мікра-кватэрак.
Знаходзіцца так званая студыя на першым паверсе брэжнеўкі на вуліцы Розы Люксембург. З плюсаў — рэальная ізаляванасць ад суседзяў, дзякуючы ўсталяваным на ўваходзе металічным дзвярам.
Пры жаданні з пакою можна зусім не выходзіць: тут ёсць і лядоўня, і электрычная міні-пліта, і тэлевізар. Толькі па мыццё бялізны прыйдзецца выпраўляцца ў агульны калідор.
На 15 метраў квадратных змаглі ўпіхнуць і ложак, і нават шафку для асабістых рэчаў. Аднак месца пад працоўны стол тут ужо не засталося. Таму студыя хутчэй пасуе тым, хто працуе па-за домам.
Уласніца апісвае зроблены рамонт як «сучасны мінімалізм» і заваблівае развітым транспартным спалучэннем: «восем хвілін пешкі да метро Грушаўка. Прыпынак грамадскага транспарту — у хвілінным доступе».
Усе камунальныя плацяжы за гэтыя метры ўжо ўключаныя ў кошт арэнды. Таксама ў аб’яве падкрэсліваецца, што прыярытэт у выбары новага арэндатара будзе аддавацца дзяўчатам. Прычына простая: па суседстве на гэты момант жывуць выключна прадстаўніцы жаночага полу.