БЕЛ Ł РУС

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі

22.07.2026 / 07:40

Nashaniva.com

За імі будзе ўстаноўлены паліцэйскі нагляд

Момант нападу

Паліцыя Быдгашча ўстанавіла асобаў мужчыны і жанчыны, якія 18 ліпеня справакавалі канфлікт з сямейнай парай з Беларусі. Падазраваным інкрымінуюць публічную абразу на глебе нацыянальнай прыналежнасці і парушэнне цялеснай недатыкальнасці. Пра гэта паведамляецца ў паведамленні гарадской камендатуры паліцыі Быдгашча, піша Most.

Як пісалася, у суботу каля 12:00 Алена і Віталь пайшлі ў краму. Яны чакалі аўтобус на прыпынку, калі туды падышлі мужчына, жанчына і двое дзяцей.

Спачатку мужчына пускаў цыгарэтны дым проста ў твар Алене, пасля пачаў наўмысна пляваць ёй на спіну і кофту. Калі муж заступіўся за беларуску, канфлікт перарос у бойку. Акрамя таго, невядомыя абражалі беларусаў на нацыянальнай глебе.

Калі Алена паспрабавала зняць тое, што адбывалася, на тэлефон у якасці доказу, жанчына выхапіла ў яе мабільнік. Алена запатрабавала вярнуць прыладу, але жанчына кінула тэлефон у яе, пасля чаго накінулася на беларуску. Віталь паспрабаваў іх разняць, аднак у гэты момант падбег мужчына, які раней паліў і пляваўся, і пачаў наносіць яму ўдары.

— У мужа ўвесь твар і майка былі ў крыві. Лоб быў разбіты, над брывом — рассячэнне, з носа цякла кроў, — успамінала Алена. — Я вельмі моцна спалохалася.

Алена патэлефанавала па адзіным нумары экстранных службаў 112. На месца прыехалі паліцыя і хуткая дапамога. Віталя даставілі ў бальніцу.

У той жа дзень, каля 21:40, супрацоўнікі паліцыі Быдгашча ўстанавілі асобы і затрымалі двух чалавек, датычных да гэтага злачынства. Імі аказаліся 42‑гадовы мужчына і 31‑гадовая жанчына, абодва — жыхары Быдгашча.

Яны будуць адказваць за публічную абразу пацярпелых з-за іх нацыянальнай прыналежнасці, а таксама за парушэнне цялеснай недатыкальнасці мужчыны.

20 ліпеня пракурор ужыў да іх меру стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду. За такое злачынства польскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Чытайце таксама:

«Адчула плявок — і ўсе смяюцца». У польскім Быдгашчы сям'я напала на мужа і жонку з Беларусі

Каментары да артыкула