Аспіранта БНТУ заднім днём пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі — бо трапіў пад палітычную крыміналку
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Каранік вырашылі забраць грошы ў Юрыя Касцючэнкі, асуджанага за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Юрый Касцючэнка
37‑гадовы аспірант Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Юрый Касцючэнка пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі. Адпаведнае рашэнне Рэспубліканскай рады па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
«Пазбавіць Касцючэнку Юрыя Аляксандравіча, аспіранта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, права на выплату стыпендыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2026 год у сувязі з прысудам Мінскага гарадскога суда ад 24 красавіка 2026 года, які набыў законную сілу 3 мая 2026 года», гаворыцца ў рашэнні, якое падпісаў старшыня рады Уладзімір Каранік.
Вясной 2026 года выкладчыка механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ Юрыя Касцючэнку асудзілі па ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Ён атрымаў хатнюю хімію.
Адметна, што толькі зараз, у ліпені 2026 года, Лукашэнка зацвердзіў выплату стыпендый на другі семестр 2025/2026 года, які ўжо скончыўся. Памер стыпендыі — 266,11 рубля.