Студэнцкія пратэсты ў Індыі сталі праблемай для прэм'ера Модзі. Адкуль узяўся рух «тараканаў»?
У розных гарадах Індыі ў сераду адбыліся сутыкненні паміж членамі кіроўнай партыі, галоўнай апазіцыйнай партыі, студэнтамі і паліцыяй.
Фота: Rafiq Maqbool / AP
Усё пачалося з выступленняў сатырычнай «Народнай партыі тараканаў», якая запатрабавала адстаўкі міністра адукацыі пасля ўцечкі экзаменацыйных матэрыялаў і часовага блакавання ўладамі Telegram, піша Бі-бі-сі.
У панядзелак тысячы прыхільнікаў неафіцыйнай «Народнай партыі тараканаў» сабраліся ў Дэлі і паспрабавалі прайсці маршам да парламента. Пасля гэтага адбыліся сутыкненні з паліцыяй, у выніку якіх, паводле заяў бакоў, былі паранены каля 60 пратэстоўцаў і 118 паліцэйскіх.
У аўторак спадкаемца вядомай індыйскай палітычнай дынастыі Рахул Гандзі і іншыя лідары галоўнай апазіцыйнай партыі «Індыйскі нацыянальны кангрэс» падтрымалі «Партыю тараканаў» і арганізавалі марш да рэзідэнцыі прэм'ер-міністра і лідара партыі «Бхаратыя джаната парці» (Індыйская народная партыя) Нарэндры Модзі. Там адбылася сутычка з паліцыяй, якая з ужываннем сілы затрымала Гандзі і іншых лідараў ІНК, але пазней іх адпусціла.
У сераду Гандзі запатрабаваў адстаўкі міністра адукацыі Дхармендры Прадхана і прабачэнняў ад прэм'ер-міністра Модзі за разгон студэнцкай дэманстрацыі 20 ліпеня.
У гэты ж дзень члены ІНК і БДП выйшлі на акцыі і маршы ў розных гарадах Індыі, дзе ў шэрагу месцаў адбыліся сутыкненні — як паміж сабой, так і з паліцыяй.
Як паведамляе індыйскае інфармацыйнае агенцтва PTI, у Хайдарабадзе, сталіцы штата Тэлангана, у выніку спробаў членаў дзвюх партый прайсці маршам да штаб-кватэр апанентаў і іх блакавання паліцыяй былі паранены два чалавекі, у тым ліку супрацоўніца паліцыі.
У сталіцы штата Біхар, горадзе Патна, члены БДП прыйшлі маршам да штаб-кватэры ІНК, дзе апазіцыянеры атакавалі іх, узброіўшыся бамбукавымі палкамі. Пасля гэтага ў сітуацыю ўмяшалася паліцыя.
«У некалькіх чалавек быў моцны крывацёк», — перадае PTI.
Адначасова ў Патне, каля парламента штата, адбылася, як піша агенцтва, «бітва сценка на сценку паміж сотнямі студэнтаў і паліцыяй». Частка студэнтаў прарвалася на тэрыторыю парламента, праз што яго адміністрацыя на некаторы час замкнула будынак разам з дэпутатамі ўнутры.
У горадзе Віджаявада ў штаце Андхра-Прадэш члены ІНК і БДП уступілі ў прамое сутыкненне.
Падобнае супрацьстаянне з узвядзеннем барыкад і ўмяшаннем паліцыі адбылося і ў горадзе Джаму каля штаб-кватэры аддзялення ІНК у штаце Джаму і Кашмір.
У Дэлі падчас акцыі быў затрыманы кіраўнік сталічнага аддзялення ІНК Дэвендэр Ядаў і некалькі яго паплечнікаў.
У Мумбаі падчас маршу да штаб-кватэры аддзялення БДП у штаце Махараштра разам з некалькімі паплечнікамі быў затрыманы кіраўнік аддзялення ІНК у штаце Харшвардхан Сапкаль.
«Народная партыя тараканаў» — гэта сатырычны нефармальны рух, створаны ў інтэрнэце паліттэхнолагам Абхіджытам Дыпке 16 мая гэтага года.
За дзень да гэтага старшыня Вярхоўнага суда Індыі Сур'я Кант назваў «тараканамі» і «паразітамі» беспрацоўных маладых індыйцаў, якія займаюцца журналістыкай або ідуць у палітычныя актывісты.
У адказ на хвалю абурэння ён патлумачыў, што меў на ўвазе толькі тых маладых людзей, якія атрымліваюць дыпломы ашуканскім шляхам. На той момант Вярхоўны суд якраз павінен быў разглядаць адпаведную справу.
«Партыя тараканаў» імгненна набрала сотні тысяч прыхільнікаў і мільёны падпісчыкаў у сацыяльных сетках, а ўжо праз некалькі тыдняў пасля стварэння атрымала нагоду «выйсці ў афлайн».
У сярэдзіне чэрвеня індыйскія ўлады за некалькі дзён да паўторнага нацыянальнага ўступнага экзамену NEET-UG у медыцынскія ВНУ часова заблакавалі Telegram, асцерагаючыся, што месенджар могуць выкарыстоўваць для спісвання.
Да гэтага, у пачатку мая, з-за ўцечкі экзаменацыйных заданняў былі ануляваныя вынікі першага экзамену. Апаненты ўрада — не толькі «Партыя тараканаў», але і апазіцыя, праваабаронцы ды звычайныя карыстальнікі інтэрнэту — раскрытыкавалі забарону, заяўляючы, што праблема не ў тым ці іншым месенджары, а ў карумпаваных чыноўніках Міністэрства адукацыі, якія дапусцілі ўцечку.
«Народная партыя тараканаў» заклікала сваіх прыхільнікаў выходзіць на пратэсты. Цяпер у яе пратэставым лагеры каля старадаўняй абсерваторыі Джантар-Мантар у цэнтры Дэлі збіраюцца тысячы маладых людзей, а на дэманстрацыю 20 ліпеня выйшлі дзясяткі тысяч чалавек.
«Партыя тараканаў» патрабуе адстаўкі міністра адукацыі, а таксама выплаты кампенсацыі ў памеры 10 млн рупій (каля 100 тысяч даляраў) сем'ям тых, хто скончыў жыццё самагубствам пасля анулявання вынікаў першага экзамену.
Улады пакуль не збіраюцца ісці на саступкі. Высокапастаўлены прадстаўнік улады ў сераду паведаміў агенцтву PTI, што міністр адукацыі Дхармендра Прадхан у адстаўку не сыдзе.
«Пра адстаўку міністра адукацыі нават не ідзе гаворка. Такое пытанне наогул не разглядаецца. Нельга вінаваціць міністра ва ўцечцы экзаменацыйных заданняў, бо ён асабіста да гэтага не датычны», — сказаў суразмоўца агенцтва і дадаў, што паўторны экзамен, да таго ж, прайшоў паспяхова.