Грыбаўскайце: Калі расіяне не зменяцца, лепш мець жалезную заслону
Былая прэзідэнтка Літвы ў інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVP World заявіла, што ў 2022 годзе яе найбольш здзівіла «дурасць Расіі», піша Delfi.lt.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP
«У іх велізарная тэрыторыя, якая ім не патрэбная. Проста дзеля таго, каб прынізіць народ і зрабіць украінцаў ворагамі назаўсёды? Каб сфарміраваць ва ўкраінцаў такую моцную нацыянальную самасвядомасць, якой раней не было? Цяпер яны стануць ворагамі на стагоддзі», — сказала яна.
Былая прэзідэнтка таксама адзначыла, што яе здзівіла рэакцыя Захаду — наколькі баязлівым і напалоханым ён аказаўся, а таксама дэфіцыт лідарства.
На пытанне TVP World, ці зменіцца калі-небудзь Расія, Грыбаўскайце адказала, што марыць пра гэта.
«Цяпер жыхарам Расіі пагражае тая ж небяспека, што і нам: іх масава кідаюць у турмы, яны не могуць свабодна выказваць сваё меркаванне, правы чалавека цяпер абмежаваныя яшчэ больш, чым у часы Сталіна… Ці зменіцца Расія? Не ведаю, цяжка пра гэта разважаць… Калі яны не здолеюць змяніцца, для нас будзе лепш, калі паміж намі з'явіцца жалезная заслона», — падкрэсліла яна.
Грыбаўскайцкэ таксама спыталі пра яе сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Хельсінкі ў 2010 годзе. Яна распавяла, што тады для Літвы асабліва актуальным было пытанне коштаў на газ.
«Было зразумела, што гаворка ішла пра паслухмянасць і саступкі. Нам прадставілі спіс таго, што Літва павінна зрабіць. Было відавочнае стаўленне да суседніх краін: або становішся на калені, або ты вораг — трэцяга не дадзена. Натуральна, я не магла прыняць гэтыя патрабаванні», — адзначыла былая прэзідэнтка.
Паводле яе слоў, пасля той сустрэчы яна зразумела, што Літва павінна пазбавіцца ад энергетычнай залежнасці ад Расіі.