БЕЛ Ł РУС

Літоўская сям'я пайшла ў грыбы і сустрэла ў лесе страуса

23.07.2026 / 21:54

Nashaniva.com

Некалькі дзён таму ў лесе ў Аранскім раёне Літвы мясцовыя жыхары нечакана сустрэлі страуса. Птушка стала героем папулярнага відэа ў сацыяльных сетках, але лёс яе ўрэшце быў трагічным, паведамляе LRT.

Страус у літоўскім лесе. Скрыншот з відэа

Мясцовы жыхар Гедымінас Шакіс разам з сям'ёй адправіўся ў лес па лісічкі. Па дарозе яны жартам абмяркоўвалі, што могуць сустрэць мядзведзя, якіх апошнім часам неаднаразова заўважалі ў гэтых мясцінах. Аднак замест драпежніка перад імі раптам з'явіўся страус. Мужчына зняў незвычайную сустрэчу на відэа, пасля чаго ролік хутка стаў папулярным у інтэрнэце.

Пазней высветлілася, што ў суседняй вёсцы Нашкуны мясцовыя жыхары разводзяць страусаў. Гедымінас паспрабаваў дапамагчы гаспадарам: ён паведаміў пра месца, дзе бачыў птушку, праз мясцовую супольнасць у сацыяльных сетках і перадаў інфармацыю чалавеку, які ведае ўладальнікаў фермы.

Аднак, як паведамілі пазней літоўскія СМІ, гісторыя мела трагічны фінал. Уладальнік страўса Альгіс Пятрушыс расказаў, што птушка яшчэ за некалькі дзён да гэтага ўцякла з вальера, праламаўшы агароджу.

Калі страуса нарэшце знайшлі, злавіць яго не ўдалося. Паводле слоў гаспадара, хоць страусы, якія выгадоўваюцца ў гаспадарцы, прызвычайваюцца да людзей, яны не становяцца свойскімі жывёламі, таму проста падысці і завесці птушку назад немагчыма.

У выніку ўладальніку давялося страуса застрэліць. Так завяршылася гісторыя птушкі, якая выпадкова апынулася ў літоўскім лесе і на кароткі час стала інтэрнэт-знакамітасцю.

Чытайце таксама:

На могілках пад Мінскам заўважылі вялікую чараду буслоў ВІДЭА

У фотапастку на беларускім Паазер'і трапіў мядзведзь ФОТЫ

«У Гатаве для іх склаліся ўсе ўмовы». Чаму на адным даху пад Мінскам жыве так шмат чаек?

Усё больш еўрапейскіх белых буслоў харчуюцца на сметніках. Навукоўцы занепакоеныя

Каментары да артыкула