БЕЛ Ł РУС

Пара паехала нараджаць у Мексіку — і знайшлі горад для жыцця ды яшчэ курорт

24.07.2026 / 13:51

Nashaniva.com

Саша Балоцін жыве і працуе ў Мексіцы, дзе атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства пасля нараджэння дачкі — дзякуючы «праву зямлі».

Саша праграміруе 16 гадоў, з іх 10 — у геймдэве. Devby.io даведаўся, як колькі каштуе жыццё на карыбскім курорце і ці бачна на вуліцах Канкуна — мексіканскага горада-мільённіка — вайна з наркакартэлямі.

«Многія вялікія канторы з імем плацяць ніжэй рынку — працуеш за радок у рэзюмэ»

— У геймдэў я трапіў дзякуючы ўдаламу збегу акалічнасцяў. У 2017 годзе я пераехаў у Кіеў, дзе працаваў у Luxoft, гэта такі ўкраінскі EPAM. Праз паўгода мне напісала HR з кіеўскага офіса Ubisoft: «Мы шукаем моцных праграмістаў, давай да нас».

Я быў вельмі здзіўлены. Здавалася, што павінен быць нейкі іншы шлях, каб трапіць у такую вядомую геймдэў-кампанію. Доўгі час пакутаваў ад сіндрому самазванца. Але там было шмат вельмі крутых украінскіх спецыялістаў на некалькі галоў вышэй за мяне — я ў іх шмат чаму навучыўся. 

У геймдэве заробкі звычайна ніжэйшыя. Мне здаецца, гэта такі «падатак на радасць» — «я ў геймдэве, таму згаджаюся атрымліваць менш». Памятаю, у Luxoft я зарабляў каля $1500, а ў Ubisoft ужо больш $2000, на той момант [з канца 2017 года] гэта былі нядрэнныя грошы.

Ubisoft Entertainment SA — французскі распрацоўшчык і выдавец відэагульняў са штаб-кватэрай у прыгарадзе Парыжа Сен-Мандэ і офісамі ў ЗША, Канадзе, Іспаніі, Украіне, Германіі, Балгарыі, Румыніі, Кітаі ды іншых краінах. Сярод найбольш вядомых франшыз кампаніі — Assassin’s Creed, Far Cry, Rayman, Prince of Persia, Tom Clancy’s. Нядаўна сузаснавальнік Ubisoft Клод Гіё загінуў у авяікатастрофе.

Ubisoft на той момант мне здаваўся вельмі крутым месцам з крутымі хлопцамі, працаваць з імі было вельмі цікава і весела. Працаваў амаль чатыры гады.

Пры гэтым я не зарабляў тых грошай, якія хацеў бы зарабляць. І калі я прыйшоў з гэтым пытаннем да майго брэнд-менеджара, ён прапанаваў варыянт, які мне не спадабаўся. Многія вялікія канторы з імем разлічваюць на канвеер кадраў і плацяць крыху ніжэй рынку — лічаць, што людзі будуць прыходзіць па прывабны радок у рэзюмэ. 

У нейкі момант стала складаней. Калі ты доўга працуеш на энтузіязме, у «зараджаным» стане, урэшце настае крытычны момант — ужо альбо здароўе здае, альбо ты эмацыйна не вывозіш. Не буду вешаць усіх сабак на Ubisoft, але, мабыць, гэты extra effort быў чаканым, кампанія патрабавала ад кіеўскага офіса дадатковых намаганняў. І ў такі момант трэба мець смеласць сказаць «не». Былі хлопцы, якія гэта рабілі. Я ўрэшце ў іх навучыўся. Але ўсё роўна выгараў.

Там жа, у Ubisoft, літаральна на працоўным месцы я пазнаёміўся са сваёй першай жонкай, яна працавала QA. Яна была румынкай, і ў нейкі момант мы вырашылі пераехаць з Украіны да яе на радзіму, у Бухарэст. Пераехалі незадоўга да пачатку вайны. 

— Бухарэст, напэўна, быў самым танным горадам з тых, дзе я жыў. Двухпакаёвая кватэра недзе 500‑600 еўра. На 2 — 2,5 тысячы еўра там можна жыць аднаму і асабліва не заморачвацца.

Калі хтось хоча жыць у Румыніі — рэкамендую, выдатнае месца, але там трэба будзе ведаць мову, вывучыць якую не вельмі проста. Я пражыў там чатыры гады, але ведаю ўсяго некалькі фраз.

«Наша дачка нарадзілася год таму, і яна мексіканка»

— Як атрымалася, што ў выніку ваш выбар — Мексіка?

— Аднойчы я паехаў на нейкі румынскі фестываль, размаўляў там з людзьмі, гуляў, піў піва — рабіў усё, што робяць на фестывалях. Тады я працаваў з Multiplayer Group і разводзіўся з першай жонкай. І на фестывалі сустрэўся са сваёй будучай другой жонкай. Мы сядзелі з маімі новымі фестывальнымі сябрамі каля адной царквы, і мой анёл праляцеў міма.

Мы з ёй нейкі час пажылі ў Румыніі, потым у Сербіі і ў Венгрыі. У Будапешце мы распісаліся ў мясцовым ЗАГСе. І, калі жонка ўжо была цяжарнай, думалі, куды падацца далей.

Выбіралі паміж Аргенцінай, Чылі і Мексікай. У Аргенціне нейкія эканамічныя праблемы, і з’явіліся праблемы з легалізацыяй. У Чылі мне трэба была віза, якую доўга атрымліваць.

А ў Мексіку я атрымаў візу за адзін дзень. Гэта быў першы раз, калі я прыйшоў у амбасаду, яны на мяне паглядзелі, пазадавалі нейкія трывіяльныя пытанні, узялі патрэбныя паперы і сказалі: «пасядзі, мы зараз разбярэмся». Потым прыносяць мне пашпарт і кажуць: «вось твая віза». А я такі: «ну нічога сабе, так можна было!» За дзве гадзіны я атрымаў візу! Беларусы, мабыць, зразумеюць мае пачуцці.

— А ў Мексіцы, як і ў Аргенціне, таксама «права зямлі»? 

— Мы тут менавіта таму, так мы і атрымалі ПНЖ. Наша дачка нарадзілася год таму, і яна мексіканка. Хаця ў яе ёсць яшчэ міжнародны расійскі пашпарт, за якім мы з’ездзілі ў амбасаду ў Мехіка (жонка — расіянка; беларускі пашпарт яна таксама калі-небудзь сабе зробіць, калі захоча).

І нам трэба пачакаць яшчэ год, калі мы атрымаем магчымасць падавацца на грамадзянства па ўз’яднанні.

— Для гэтага будуць правяраць веданне іспанскай?

— Будзе экзамен на іспанскай мове, але гэта не экзамен на веданне мовы. Кажуць, для яго дастаткова базавай іспанскай, на ўзроўні бытавых сітуацый на вуліцы або ў краме. Для падрыхтоўкі трэба вывучыць 900 пытанняў, большасць не вельмі складаныя.

— Колькі штатаў у Мексіцы? У якім штаце знаходзішся ты? Якія штаты побач? У мяне на сцяне вісіць карта Мексікі, пачытваю. Калі расцягнуць гэтае навучанне на год, паспею падрыхтавацца: тры пытанні ў дзень, думаю, можна асіліць.

— Людзі ў амбасадзе, напэўна, выдатна разумелі, навошта вы збіраецеся ў Мексіку?

— Папяровая віза патрэбна была толькі мне. А жонцы-расіянцы — толькі электронная.

Калі мы прыляцелі, асабліва на яе ніхто не глядзеў. Яна была ў прасторным худзі, па ёй было відаць, што яна не худышка на той момант. Але ніхто гэтым не замарочваўся. Улічваючы, колькі людзей прыязджае сюды нараджаць, не думаю, што ў той момант, калі мы гэтым займаліся, ва ўладаў было нейкае прадузятае стаўленне да гэтага. Думаю, калі сям’я паставіць сабе такую мэту і падрыхтуецца — яна даедзе.

— А што значыць «падрыхтуецца»?

— Для гэтага трэба грошы. Мяркуецца, што калі вы едзеце з такой мэтай, значыць, у вас, хутчэй за ўсё, грошы ёсць. Калі толькі на роды — мы патрацілі, напэўна, $15 000. А калі сабраць усе спадарожныя выдаткі разам, у тым ліку пражыванне, машыну ды іншае — усё абышлося недзе ў $40 000.

— Твая жонка цяпер у дэкрэтным адпачынку?

— Не, яна працуе. Літаральна за пару тыдняў аднавілася і выйшла на працу. Гэта быў ейны выбар. Магчыма, яна баялася страціць кліентаў.

«Ездзяць велізарныя джыпы з узброенымі нацгвардзейцамі, з бяспекай усё вельмі сур’ёзна»

— Чаму Канкун?

— Мы выбіралі лакацыю з разліку, што пражывём тут пару гадоў мінімум. Асноўныя крытэрыі — клімат (у Венгрыі мы мерзлі і хварэлі, і ў тым жа Мехіка-сіці зімой таксама халодна) і бяспека. 

Глядзелі яшчэ Тулум, Плая-дэль-Кармен (курортныя гарады побач з Канкунам у гэтым жа штаце Кінтана-Роа). Усе гэтыя гарады — вядомыя сярод экспатаў лакацыі. Сярод нашых суседзяў шмат рускіх, украінцаў. Ёсць адзін беларус, але я з ім яшчэ не сустракаўся.

За ўвесь час, што мы тут жывём, тэмпература ні разу не апускалася ніжэй +20 градусаў, і гэта вельмі прыкольна, за паўтара года я ані разу цёплыя рэчы не купляў (і нават новыя красоўкі).

Канкун абазначаны чырвонай кропкай, Google.maps

— Што з сябе ўяўляе Канкун? Наколькі ён бяспечны?

— У цяперашнім выглядзе Канкуну ўсяго гадоў 50. Ён вельмі моцна змяніўся за гэты час. Калі хтось упіша слова «Канкун» у пошукавік, ён убачыць у выдачы Зону-Атэльера, гэта раён гатэляў. Гэта вельмі крутая лакацыя, там усё вылізана, туды прылятаюць людзі з усяго свету — амерыканцы, еўрапейцы, азіяты. «Левых» людзей ты там не ўбачыш, там ёсць пляжы для мясцовых, але яны там у меншасці.

Атэльера вельмі добра абаронена. На ўездах стаіць некалькі машын нацыянальнай гвардыі, паліцыя. Машыны тых, хто заяжджае, не даглядаюць, але калі ты праязджаеш праз гэты кардон, ты разумееш, што, напэўна, далей усё будзе бяспечна. На ўезде ў сам горад, па-за Атэльерай, таксама ёсць такія пасты, на якіх кіроўцы звычайна прытармажваюць. На цябе паглядзелі — і едзеш далей.

Фота: Fei Fang / Getty Images 

У Канкуне шмат нацыянальнай гвардыі, ездзяць велізарныя джыпы з узброенымі нацгвардзейцамі, з бяспекай усё вельмі сур’ёзна. За ўвесь час з сур’ёзных здарэнняў магу ўзгадаць толькі выпадак, калі тут падпалілі краму.

— Як на Канкуне адбіваецца вечная мексіканская барацьба з наркакартэлямі? Апошняе сур’ёзнае абвастрэнне было літаральна ў пачатку 2026.

— Штат Кінтана-Роа паводле маіх мерак — вельмі бяспечны. Мы ездзілі па штаце, на захадзе даязджалі да Мерыды ў суседнім Юкатане, ездзілі і паўночней. Калі б не якасць дарог, месцамі кепскаватая, тут было б вельмі добра.

— Ты бачыў у Канкуне хлопцаў з картэляў, такіх стэрэатыпных персанажаў у татуіроўках і касцюмах з адлівам, як у серыяле «Ва ўсе цяжкія»?

— Разумееш, гэта стыль. Тут ёсць такія хлопцы, але калі ты іх убачыш — ты не зразумееш, ён проста такі моднік або рэальна працуе на картэль. У Канкуне, напэўна, ёсць нейкі крымінал, але ён вельмі непрыкметны. А хлопцаў тут розных хапае. Усе вельмі стракатыя, розныя.

Татуіроўкі ва ўсіх. У нас татуяваная няня, ёй 46, але яна ўжо бабуля.

Пойдзеш да цырульніка — і там ён цалкам зататуяваны. Пойдзеш да доктара — і ў доктара татуіроўка. Паедзеш на Атэльеру, спынішся каб нешта спытаць у копаў — і ў копаў будуць татуіроўкі на ўсю шыю. Па татуіроўках ты дакладна не адгадаеш, ці звязаны чалавек са злачынным светам.

— У цябе шмат татуіровак. На руках, здаецца, ёсць нейкія з мексіканскімі матывамі. Дзе даражэй зрабіць тату, у Беларусі або ў Мексіцы?

— Не, у мяне ўсе татуіроўкі беларускія. Але ведаю, што яны тут недарагія. Думаю, тут сярэдняя татуіроўка памерам у дзве цыгарэтныя пачкі каштуе $150-200.

— У Канкуне можна жыць без машыны?

— Напэўна, можна абысціся таксі, яно тут вельмі таннае. Але калі ёсць магчымасць купіць транспарт — гэта будзе заўважнай прыступкай да камфорту.

Машыны тут у асноўным пабітыя, добрую машыну купляеш на свой страх і рызыку. У нас Toyota Camry 2019 года, і гэта, напэўна, найлепшае, што я б хацеў тут мець. Бо калі глядзіш на тое, як тут абыходзяцца з машынамі — сэрца крывёю абліваецца. 

На мапедах і матацыклах любяць ездзіць мясцовыя. Ездзяць яны кепска. Не ў шлемах, а ў такіх касках-кепачках, яны цвёрдыя, але пакрываюць толькі самую верхнюю частку галавы. Уначы — часта едуць наогул без агнёў. Выглядае так, што яны прасцей ставяцца да жыцця, ну і стаўленне да смерці ў іх зусім іншае — як да чагось, што адкрывае ім жыццё з іншага боку.

А ўвогуле правілы ў гэтым рэгіёне свету працуюць па-свойму.

Вось мы, напрыклад, жывём у раёнчыку з некалькіх вулачак. І ў нас тут ёсць мясцовыя правілы, якія працуюць толькі тут. У горадзе, як бы ты ні ехаў, табе, хутчэй за ўсё, не прыйдзе тыкет за парушэнне. 

А ў нас у раёнчыку яны хочуць жыць больш цывілізавана і сочаць за гэтай справай. Калі я нязначна парушыў тут ПДД, мне сказалі: плаці 500 песа. І што рабіць? Заплаціў, больш парушаць не буду.

— Гэта былі не паліцэйскія?

— Не, гэта адміністрацыя нашага раёнчыка. Ён закрыты, на ўездзе стаіць шлагбаум, і ўсё абнесена сценамі. Тут вельмі спакойна. Такіх раёнчыкаў, абнесеных сценамі, па Канкуне вельмі шмат. У Еўропе такога няма.

Падатак — 2%, вялікі дом — можна і за $1000. «Айцішнікам ёсць сэнс сюды ехаць»

— Дзе ты цяпер працуеш?

— У Companion Group дыстанцыйна, раблю гульню. Яна пакуль пад эмбарга, гэта значыць паказваць яе я не магу, але гаварыць можна. Гэта Gears of War: E-Day. Gears of War — гэта такі шутар, больш папулярны ў ЗША і ў Мексіцы. Доўгі час быў Xbox-эксклюзівам, у Еўропе ён не такі папулярны.

— Якое жыллё знялі?

— Мая жонка таксама працуе дыстанцыйна, і мы адразу шукалі такі дом, у якім будзе зручна працаваць, з асобнымі прасторамі для гэтага.

Фота: Arthyr Gonoretzky / Getty Images

У нас, напэўна, самы вялікі дом у нашым раёнчыку, трохпавярховы. Плацім $1070 толькі за арэнду. З астатняга самае дарагое — электрычнасць, недзе $100. У самы гарачы месяц, напэўна, $200, таму што кандыцыянеры ў кожным пакоі. У суме ўсе выдаткі на жыллё — каля $1500. 

— Колькі ўвогуле ў Канкуне каштуе арэнда жылля ў розных раёнах?

— Гэтая інфармацыя вельмі хутка састарэе, але давай паспрабуем. У цэнтры можна арыентавацца на $2 — 3 тысячы за дом. Гэта нейкае добрае месца, дзе ўсё будзе ў крокавай даступнасці. Там жа можна знайсці і нешта прасцейшае, напрыклад двухпакаёўку за $1000. Зразумела, гаворка не пра Атэльеру, там жыллё можа быць па $4000-5000.

На ўскраінах можна знайсці двухпакаёўкі за $500-700, у нашым раёнчыку такая каштуе $700 — але мы жывём не на самым краі і ў паўднёвай частцы, тут больш новы горад, усё крыху даражэй. На поўначы, думаю, кватэру можна і за $350 зняць, але гэта будзе нешта такое, бедненькае, пашарпанае, з нейкімі супербазавымі крамамі.

— А што з падаткамі?

— Тут ёсць ільготы для прыцягнення спецыялістаў.

— Айцішнікам ёсць сэнс сюды ехаць. У мяне сітуацыя такая: ёсць грузінскае ІП, але я збіраюся адкрываць мексіканскае. У грузінскім падатак 1%, тут будзе 2%. Дзяржава прыцягвае тэхналогіі, і дзяржава хоча, каб людзей з тэхналагічнымі ведамі было больш. І іх прыцягваюць такімі праграмамі спрошчанага падаткаабкладання.

— Але акрамя падаткаў ёсць жа і нейкія іншыя выплаты? Мексіканскі ФСАН нешта бярэ ў цябе?

— Не так, як беларускі.

Тут сацзабеспячэнне зусім па-іншаму ўладкавана. Цяпер з ПМЖ мы яшчэ не можам зрабіць сабе нацыянальную медычную страхоўку. У нас страхоўка для прыезджых. Яна нядрэнная, але толькі ў тых выпадках, калі з табой нешта здарылася, напрыклад, ты зламаў руку. А для нейкіх рэгулярных рэчаў накшталт агляду або аналізаў прасцей схадзіць да доктара і аддаць $50. Ён праверыць усё, што трэба, выпіша ўсё, што трэба — і яшчэ будзе табе ўдзячны.

Увогуле тут абмежаваная колькасць дактароў, і калі ты хочаш трапіць да нейкага моцнага доктара, запісвацца трэба загадзя. Па страхоўцы таксама ўсё не зусім так, як мы прывыклі ў Мінску або ў Кіеве: тут, калі трэба нейкі спецыфічны доктар — даводзіцца чакаць два-тры тыдні. Да гэтага ты робіш розныя аналізы, і ўжо з усімі аналізамі ідзеш да яго, каб гэты доўгачаканы візіт быў максімальна эфектыўным.

Дарэчы, калі ты плоціш мясцовыя падаткі і ў цябе ёсць пашпарт, ты атрымліваеш доступ да іпатэкі пад невялікія працэнты.

— Колькі каштуе жыццё ў Канкуне ўвогуле?

З невялікімі паездачкамі і рэстаранчыкамі — агульная сума выдаткаў недзе $ 3500‑4000 у месяц, плюс паліва (больш даляра за літр). Пры тым, што мы стараемся занадта шмат не выдаваць.

Мы працуем дома, з дзіцём у гэты час сядзіць няня — мексіканка, і яна атрымлівае $250 у тыдзень. 

— З пункту гледжання жыхара Канкуна наколькі справядлівы стэрэатып пра Мексіку як краіну трэцяга свету?

— Мексіка вельмі розная. Ёсць штаты, дзе перыядычна страляюць, дзе гарады ледзь не абвяшчаюць незалежнасць — у тым сэнсе, што яны будуць абараняцца ад картэляў так, як захочуць, а не так, як вырашыла дзяржава. Цэнтральная Мексіка — гэта такі рэгіён, у які я, напэўна, не хацеў бы ехаць.

Сам Канкун іншы, але пры гэтым таксама розны. Тут ёсць «дрэнныя», гэта значыць больш бедныя раёны. Але нават там — звычайныя людзі, якія проста хочуць жыць, адправіць дзіця ў школу, нешта паставіць на стол, усё як ва ўсіх.

Папросту яны жывуць у менш прасторных апартаментах, і зоны вакол гэтых будынкаў таксама не заўсёды ўпарадкаваны. Таму што ў людзей няма на гэта часу: людзі рана раніцай устаюць, ідуць на працу і да позняга вечара працуюць. Вельмі знаёмая для нашага брата сітуацыя.

Атэльера — ідэальная зона, пры гэтым на Атэльеры мексіканскага амаль нічога няма, акрамя хіба рэстаранаў, якія гатуюць мексіканскую ежу.

За Атэльерай пачынаецца горад. У горадзе ўжо мексіканскае жыццё, якое, дарэчы, прыкметна адрозніваецца ад стэрэатыпнай сельскай Мексікі.

Зона Атэльера, пра якую кажа аўтар, знаходзіцца на самым усходзе горада: гэта вузкая паласа, аддзеленая лагунай, Google.maps

Гэта ўсё ж горад з мільённым насельніцтвам. Праўда, вельмі мала нечага культурнага. Праходзяць часам фестывалі як разавыя мерапрыемствы. Ёсць рэстаранчыкі, ёсць кінатэатры, ёсць адзін тэатр, у якім мы ніколі не былі, таму што там усё на іспанскай. Мы вучым, але тэатральныя пастаноўкі для нашага ўзроўню — гэта пакуль складана.

«Тую Беларусь, якую памятаю, я забраў з сабой у валізцы»

— Ты ў асноўным размаўляеш з экспатамі? 

— Вядома, з экспатамі ёсць сэнс размаўляць. Экспаты са стажам шмат ведаюць пра сервісы, могуць нешта падказаць. Але калі ты абмяжоўваеш кола зносін толькі рускамоўнымі экспатамі, трэба быць гатовым плаціць больш. Напрыклад, калі ты захочаш узяць рускамоўную няню — яна будзе прыметна даражэй мясцовых.

— Як мексіканцы ставяцца да імігрантаў? Ты сустракаўся з нечым, падобным на ксенафобію?

— Не. Мексіканцы, калі ўбачаць, што ў цябе белы твар, спачатку падумаюць, што ты — амерыканец. Калі зразумеюць, што гэта не так, спытаюць, адкуль ты. Я ўсім кажу, што я з Польшчы. У мяне насамрэч бабуля полька. Яны Польшчу ведаюць, ведаюць, што палякі, як і яны, каталікі. А пра Беларусь наогул нічога не ведаюць, даводзіцца тлумачыць. Навошта гэта трэба? Выглядае гэта прыкладна так: «Не амерыканец? А адкуль? З Польшчы? Ну, выдатна. Як табе ў Мексіцы? Усё нармальна?»

— Чаму ім важна, амерыканец ты або не?

— У амерыканцаў вельмі шмат грошай адносна ўсіх астатніх. І на амерыканцах яны спрабуюць зарабіць — будуць трэсці, трэсці і трэсці. Думаю, гэта таму, што амерыканцы самі гэта дазваляюць. Што такое для амерыканца $50? А для мексіканца гэта амаль 1000 песа, грошы!

— Мексіканцы — яны якія на фоне беларусаў?

— Калі ў Беларусі ты паспрабуеш загаварыць з кімсьці незнаёмым, ідзеш па вуліцы і ўсміхаешся — могуць падумаць, ці не пад наркотыкамі ты. А тут ты ідзеш, можаш песні спяваць сабе пад нос, лёгка загаварыць з незнаёмым чалавекам — да ўсяго гэтага больш простае стаўленне.

Яны вельмі сямейныя, але і вельмі тэмпераментныя. Напрыклад, тут іншае стаўленне да мужчынскіх здрад, не тое каб яны віталіся, але і не асабліва асуджаюць.

Яны не асабліва абавязковыя. Цяпер я да стаматолага хаджу, прыязджаеш да лекара, стаіш пад кабінетам 5‑10 хвілін — і тут яна прыязджае: «О, добра, а ты ўжо тут! Ну, давай». Я ніколі не лічыў сябе звышпунктуальным чалавекам, але тут наогул іншае стаўленне да гэтага.

Яшчэ яны вельмі непатрабавальныя. Магчыма, таму ў іх машыны забітыя. У нас машына — гэта дабро, машыну трэба берагчы. У іх машына — гэта інструмент, у гэтым сэнсе яны нагадваюць французаў.

Што яшчэ? Да грошай мексіканцы вельмі проста ставяцца. Дзяцей вельмі любяць, нават больш, напэўна, чым у Еўропе. Для іх нармальна падысці ў кафэ і захапіцца: «Ой, якая міленькая, прыгожая дзяўчынка!»

Самае цікавае — зусім іншае стаўленне да смерці. Яны, вядома, бядуюць, але глядзяць на смерць як на частку жыцця, з вялікім размахам святкуюць El Día de Muertos — Дзень Мёртвых.

— Ёсць нешта з Беларусі, чаго табе не хапае?

— Спачатку хацеў сказаць, што не хапае мінскага бара «Закон бутэрброда» — у мяне з ім шмат прыемных успамінаў. Але, здаецца, гэта проста настальгія, наўрад ці мне яго сапраўды не хапае.

Насамрэч не хапае сваякоў, сяброў. Яшчэ ў Румыніі ў мяне былі два сабакі, пінчары, я іх вельмі люблю да гэтага часу. Перад пералётам у Мексіку прыйшлося зрабіць такі выбар, я іх пакінуў бацькам у Беларусі. І іх мне таксама не хапае. Сазвоньваемся з імі перыядычна, бачу, што бацькі іх раскармілі.

Я ўжо, напэўна, камфортна сябе адчуваю дзе б ні быў. Цяпер адыду ад твайго пытання крышку ў філасофію. Нас, беларусаў, у цэлым вельмі мала. 9,5 мільёнаў у Беларусі было, цяпер ужо, напэўна, менш. І, як кажуць у беларускім тэлевізары, «вас нідзе не чакаюць». Гэта праўда. Ніхто нікога нідзе не чакае. Але каштоўнасць чалавека не ў тым, што яго дзесьці чакаюць, а ў тым, што ён можа дзесьці з’явіцца і ўнесці туды сябе, і тое, што ён умее, і сваю чалавечую энергію. Мы нічым не лепш і нічым не горш астатніх. Трэба гэта разумець і добра ставіцца да сябе ў любой сітуацыі.

Так, блізкіх і сваякоў не хапае. Але ўсюды можна знаходзіць добрых людзей. Мы і тут размаўляем з вельмі прыемнымі, мілымі людзьмі. Ты да іх адкрыты — і яны да цябе адкрытыя.

Я быў у Беларусі пару гадоў таму. Такое адчуванне, што тую Беларусь, якую я памятаю, я забраў з сабой і павёз у валізцы. Я вярнуўся ў іншую Беларусь. Зайшоў у тыя ж крамы, у якія хадзіў яшчэ ў школьным узросце — і нічога не пазнаў. Мне здалося, што ўсё гэта не тое, што гэта нейкая фальш. Вельмі дзіўнае пачуццё, нейкае залюстроўе. Той Беларусі, якую я памятаю, больш няма. Якая ёсць — не зусім тая.

А Лацінская Амерыка — гэта цэлы свет, які чакае беларусаў з распрасцёртымі абдымкамі. Тут усё нібыта знаёмае — але крыху па-іншаму. І гэта, напэўна, самае прыкольнае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула