Раманчук і Міхалевіч прапануюць падпісаць «Пакт аб ненападзе»
Пры гэтым зазначаюць, што праект «адзіны кандыдат» можна пахаваць.
Апазыцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі гатовыя падпісаць «Пакт аб ненападзе», хаця на праекце «адзіны кандыдат» паставілі крыж.
З ідэяй «пакту аб ненападзе» ўжо выступілі намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і лідэр саюзу «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч.
«Мы павінны заключыць пагадненьне аб ненападзе да 19 сьнежня», — заявіў Раманчук. Пры гэтым прэтэндэнт уважае, што праект «адзіны кандыдат» можна пахаваць.
Спадар Раманчук перакананы, што ў самога яго вельмі вялікія шанцы прайсьці ў другі тур выбараў.
Алесь Міхалевіч сумняваецца, што «пры сумленным падліку галасоў прэзыдэнт можа быць абраны ў першым жа туры».
Паводле спадара Міхалевіча, «для таго каб выходзіць на плошчу, трэба мець падставы — непрызнаньне вынікаў выбараў і г.д. А акцыі пратэсту дзеля акцый пратэсту — я супраць», — заявіў А. Міхалевіч.