БЕЛ Ł РУС

Кандыдат Віктар Цярэшчанка абяцае знізіць курс долара ў тры разы

22.11.2010 / 11:05

У тры разы знізіць курс долара паабяцаў кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка 22 лістапада падчас першага з двух паўгадзінных выступленняў на першым канале Беларускага радыё.

«Як эканаміст-вучоны з вялікім практычным вопытам працы ў розных сферах эканомікі», Цярэшчанка прапаноўвае змяніць грашова-крэдытную палітыку.

«Мы створым у краіне наймацнейшую нацыянальную валюту, зробім наш беларускі рубель свабодна канверсоўным, які расце да долара. Спачатку ён будзе тры рублі за адзін долар, і за пяць-сем гадоў, а то і раней мы выйдзем да долара адзін да аднаго. Каму патрэбны будзе долар у нашай дзяржаве? Мы станем цывілізаванай краінай, якая асэнсавала сакрэт нацыянальных грошай, і рэальна пакажам свету новы эканамічны цуд», — заявіў Цярэшчанка.

«Для прадпрымальнікаў і грамадзян» стаўкі па крэдытах будуць «не вышэй за адзін-два, максімум тры працэнты гадавых».

Кандыдат выказаўся за «разумную прыватызацыю, якая будзе адпавядаць інтарэсам народа і дзяржавы, а не замежных спекулянтаў віртуальнымі валютамі».

Цярэшчанка паабяцаў бездэфіцытны бюджэт, які зацвярджаецца да пачатку чарговага фінансавага года, аднаўленне права работнікаў на ўдзел у прыбытку свайго прадпрыемства, «рацыянальную падатковую сістэму», захаванне цяперашняга пенсійнага ўзросту, неадкладную адмену кантрактаў для «рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, за выключэннем адказных кіраўнікоў». «Усе мы без надрываў і гвалту павялічым аб’ёмы вытворчасці і продажу прадукцыі, умацуем нашу дзяржаву і створым умовы для яе далейшага развіцця», — заявіў кандыдат.

Ён выказаўся за адмену платнага праезду для школьнікаў, бо «гэта не толькі не дае даход дзяржаве, але і выхоўвае ў дзецях імкненне праехаць «зайцам».

Цярэшчанка лічыць неабходным адмяніць плату за першую сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю.

Кандыдат паабяцаў таксама забяспечыць «клопат пра хворых на алкагалізм і наркаманію», Беларусь «стане краінай, дзе наркаразмеркавальнікі не змогуць атрымаць нават самага малога прыбытку». «Выхаваем гуманнасць насельніцтва і адказнасць улады за вырашэнне ганебнай для краіны праблемы бяздомных жывёл у гарадах, не дапускаючы варварскага да іх стаўлення», — заявіў Цярэшчанка.

«Вёска і сельская гаспадарка — прадмет асаблівага клопату дзяржавы, — сказаў ён. — Тут будзе працягнута цяперашняя палітыка дзяржавы. Больш за тое, для забеспячэння рэнтабельнасці аграрнай вытворчасці будзе дадаткова праведзена спісанне з сельгасвытворцаў даўгоў па падатках і штрафах. Даходы на вёсцы павінны быць не ніжэйшыя за ўзровень даходаў гараджан».

Цярэшчанка заявіў, што «давядзецца выпраўляць шмат у чым дапушчаныя перакосы з будаўніцтвам пампезных, але стратных для дзяржавы і недаступных для простага народа лядовых палацаў, узведзеных ва ўрон развіццю масавых відаў фізкультуры і спорту, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці».

У міжнароднай сферы кандыдат паабяцаў спыніць «шантажаваць Расію», а таксама «запалохваць Еўрасаюз» адкрыццём межаў для наркатрафіку і кантрабанды.

«У адносінах Беларусі з суседзямі будзе строга дзейнічаць прынцып: дакладны падлік — моцнае сяброўства», — сказаў Цярэшчанка. Паводле яго слоў, будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб «неадкладна вярнуць тую дружбу, якая звязвае народы Беларусі і Расіі сотні гадоў». «Мы прапануем Расіі механізм узаемавыгадных валютных адносін, краінам СНД прапануем механізм стварэння агульнай валюты пры захаванні нацыянальных як магутнага сродку для хуткага ўздыму эканомікі ўсіх краін Садружнасці», — заявіў кандыдат. Беларусь, адзначыў ён, сама пачне прапаноўваць крэдыты.

Пры прэзідэнце будзе створаны грамадскі савет «з сістэмай пошуку, адбору і штомесячнага разгляду ў тым ліку найлепшых нацыянальных і замежных ідэй».

«Цяперашняя сістэма ручнога кіравання краінай ужо вычарпала сябе, — заявіў Цярэшчанка. — Мы спакойна і разумна пабудуем дзяржаву для народа, сфарміруем у краіне атмасферу згуртаванасці, патрыятызму, узаемадапамогі і здаровага спосабу жыцця».

Цярэшчанка падкрэсліў, што не з’яўляецца «апазіцыйным дзейнаму прэзідэнту кандыдатам».

«Я таксама за моцную і квітнеючую Беларусь, але і яшчэ за стабільную Беларусь, і абавязкова ў стратэгічным саюзе з брацкай Расіяй — сёння, заўтра і на стагоддзі», — падкрэсліў ён.

«Калі вы зноў абераце Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку прэзідэнтам, я прапаную яму маю праграму як навуковую стратэгію далейшага развіцця краіны, але ці прыме ён яе? Не выключана, што пры захаванні цяперашняй сістэмы ўрад краіны і кіраўнікі прадпрыемстваў зноў апынуцца ахвярнымі казламі і хлопчыкамі для біцця за правалы ў эканоміцы, а безаглядная стаўка на замежных інвестараў зробіць Беларусь назаўжды, беззваротна толькі пастаўшчыком таннай працоўнай сілы для замежнага капіталу па кароткачасовых кантрактах. Нам пагражае і страта гістарычнай дружбы з Расіяй, і праблемы ў адносінах з еўрапейскімі суседзямі. Падумайце, навошта нам так рызыкаваць?» — заявіў Цярэшчанка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула