БЕЛ Ł РУС

Беларусь і радыё fm

31.01.2011 / 10:41

Ірына Храмава, Гомель

з пошты рэдакцыі

Больш за месяц прайшло з тых падзей, калі ў Беларусі ўсё перавярнулася з ног на галаву: хлусня зрабілася праўдай, а крывадушнасць — нормай жыцця.
Больш за месяц я жыву нібы ў кашмарным сне, хоць разумею, што гэта не сон, а ява. Ява маёй краіны. Уключаю некалькі разоў у дзень інтэрнэт, з надзеяй учытваюся ў радкі навінаў, баюся прапусціць штосьці важнае. У сэрцы — боль за людзей, якія нявінна пакутуюць, за найлепшых нашых суайчыннікаў. І яшчэ сорам… Сорам ад таго, што так мала магу зрабіць у гэтай сітуацыі! Расказваю родным і знаёмым апошнія навіны. Тлумачу сваім дзецям, што насамрэч дзеецца ў нашай краіне. Бо яны ходзяць у школу. А ў школе праўдзе не вучаць. Спрабую пагаварыць пра апошнія падзеі, якія ўжо ўвайшлі ў найноўшую гісторыю нашай краіны, са сваімі знаёмымі-настаўнікамі (сама я некалькі гадоў ужо не працую ў школе).
Некаторыя адмахваюцца: «Пра што ты? Супакойся!» Некаторыя наракаюць, што ім няма калі пра гэта думаць, ды і ў школе не прынята пра гэта разважаць. А прынята ў школьных кулуарах па-ранейшаму жаліцца на сваё беднае жыццё-быццё, на сціплы заробак і горы папераў.

Ідучы па вуліцах роднага Гомеля, узіраюся ў твары мінакоў, чую звычайныя абрыўкі фразаў. Як быццам нічога не адбылося!

Не магу забыцца пра словы В. Рымашэўскага, які сказаў, што падчас шпацыраў у панадворках СІЗА КДБ на поўную гучнасць уключалі беларускія fm-радыёстанцыі з іх традыцыйнымі віктарынамі, музычнымі віншаваннямі. Мне здаецца, што вялікая частка насельніцтва Беларусі падобная да гэтых радыёстанцый: цынічна і абыякава робіць выгляд, што вакол нічога не адбываецца. Толькі чакае, што ўсё для іх зменіцца да лепшага. Сорамна і горка!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула