БЕЛ Ł РУС

Мужу загінулай у Нідэрландах беларускі выстаўлена абвінавачанне ў яе забойстве

14.02.2011 / 11:27

Мужу загінулай у Нідэрландах беларускі Кацярыны Ханяк выстаўлена абвінавачанне ў яе забойстве.

Як паведамляе галандская і бельгійская прэса, 11 лютага пачаўся судовы працэс у дачыненні да 39-гадовага Роберта Яна Брокеля. Апрача забойства жонкі ў 2007 годзе яму інкрымінуюць утойванне яе цела. Эксперты ўстанавілі, што яна памерла ад страты крыві ў выніку нажавога ранення ў сцягно.

Брокеля абвінавацілі таксама ў распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі. Пры затрыманні ў 2007 і 2008 гадах у яго ноўтбуку, тэлефоне і фотаапараце былі знойдзены фота дзяцей без адзення.

Брокель настойвае на сваёй невінаватасці. На працэсе ён не прысутнічаў.

Суд атрымае працяг ў маі з удзелам судмедэкспертаў. Суддзя таксама запатрабаваў прысутнасці абвінавачанага.

Як раней паведамлялася, 12 студзеня 2010 года ў Бельгіі пачаўся судовы працэс, па якім Брокель з пяццю хаўруснікамі праходзіць як падазроны ў нелегальным правозе ў краіну трох кілаграмаў какаіну. Гэты суд атрымае працяг 30 сакавіка.

Брокель быў арыштаваны 30 кастрычніка 2010 года паводле распараджэння пракуратуры галандскага горада Брэды на падставе вынікаў расследавання справы аб забойстве.

Беларуска Кацярына Ханяк і Роберт Ян Брокель былі знаёмыя з 2001 года. Нідэрландская прэса піша, што Ханяк прыехала ў бельгійскі Антверпен працаваць у адным з публічных дамоў, а Брокель быў яе кліентам.

У ліпені 2007 года беларускія сваякі звярнуліся з заявай аб знікненні 26-гадовай жанчыны ў Маскоўскае РУУС Мінска. Яе астанкі былі знойдзены паліцыяй 18 лютага 2008 года ў доме ў галандскім горадзе Баарле-Насау, дзе Кацярына жыла з мужам і дачкой. Цела знаходзілася ў скрыні, было заліта будаўнічай сумессю і змешчана пад падлогу пад ложкам чатырохгадовай дачкі мужа і жонкі. Дачка Ніколь жыве ў бацькоў Брокеля.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула