Наста Палажанка на свабодзе
дапоўнена
Вечарам 17 лютага яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яна не падпісвала ніякіх лістоў ці прашэнняў.
Вечарам 17 лютага яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Актывістка «Маладога Фронту» правяла ў СІЗА КДБ амаль два месяцы — яе арыштавалі ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 году.
Наста Палажанка дома. Фота радыё «Свабода».
Цяпер Наста дома, з роднымі. Да яе адразу зляцеліся сябры павіншаваць, людзі вязуць ёй кветкі, цукеркі.
У інтэрв’ю радыё «Свабода» Наста сказала, што на волі яна хоча найперш даведацца, у якім стане яе сябры і арганізацыя: «Я нічога не ведаю, што адбывалася на свабодзе. Я маю вялікі інфармацыйны голад».
За ўвесь час знаходжання ў турме яна толькі некалькі разоў атрымала лісты ад свайго таты. Тата апублікаваў адкрыты ліст да Лукашэнкі ў газеце «Народная воля», у якім у рэзкай форме патрабаваў вызвалення дачкі.
Наста падкрэсліла, што не падпісвала ніякіх лістоў ці прашэнняў.