БЕЛ Ł РУС

Кадафі асабіста аддаў загад падарваць самалёт над Локербі

24.02.2011 / 11:37

Гэта расказаў міністр юстыцыі Лівіі Мустафа Абдэль-Джаліл.

Лівійскі лідар Муамар Кадафі асабіста аддаў загад падарваць самалёт амерыканскай авіякампаніі PanAm у снежні 1988 года над брытанскім Локербі, у выніку чаго загінулі 270 чалавек,
паведамляе шведская газета The Local са спасылкай на інтэрв’ю былога міністра юстыцыі Лівіі Мустафа Абдэль-Джаліла шведскай газеце Expressen.

«У мяне ёсць доказы таго, што Кадафі аддаў загад аб Локербі», — сказаў Абдэль-Джаліл рэпарцёру газеты.

Да 21 лютага гэтага года Абдэль-Джаліл займаў пасаду міністра юстыцыі, але сышоў у адстаўку на знак пратэсту «за празмернае ўжыванне ўрадам сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў».

Па словах экс-міністра юстыцыі Лівіі, Кадафі асабіста аддаў загад адзінаму асуджанаму па справе аб выбуху над Локербі Абдэльбасэту Алі Меграхі. «Ён (Кадафі) аддаў загад Алі Меграхі зрабіць гэта», — заявіў Абдэль-Джаліл.

Меграхі атрымаў пажыццёвы тэрмін, але ў жніўні 2009 года яго выпусцілі на свабоду толькі таму, што яму, паводле прагнозу дактароў, заставалася жыць тры месяцы. Па законах Шатландыі зняволены можа быць вызвалены з турмы толькі ў тым выпадку, калі яму застаецца жыць не больш за 3 месяцы. 57-гадовы Меграхі хворы на рак прастаты.

Таксама, як паведаміў Абдэль-Джаліл, Кадафі прыклаў нямала намаганняў, каб дамагчыся вызвалення Меграхі. «Ён (Кадафі) зрабіў усё, што ад яго залежыць, каб вярнуць Меграхі з Шатландыі», — дадаў экс-кіраўнік Мінюста Лівіі.

Раней «Газета. Ru» паведамляла, што згодна з перапіскай амерыканскіх чыноўнікаў Дзярждэпу ЗША, апублікаванай сайтам Wikileaks, Вялікабрытанія вызваліла Меграхі праз пагрозы лівійскага лідара Муамара Кадафі.

Лівійскі лідар «адкрыта пагражаў» разрывам усіх гандлёвых адносін з Вялікабрытаніяй у выпадку, калі Меграхі памрэ ў брытанскай турме. У той жа час ён «рабіў прывабныя прапановы» шатландскаму ўраду, пераконваючы вызваліць лівійскага падданага.

Рашэнне аб вызваленні Меграхі было прынята пасля доўгіх роздумаў. З аднаго боку, Брытанія баялася гневу ЗША ў выпадку задавальнення просьбы Лівіі. З іншага боку, Кадафі прыгразіў Брытаніі «наступствамі, якія будуць жудасныя і непапраўныя».

Напрыклад, Лівія абяцала заблакаваць дзейнасць усіх брытанскіх арганізацый і кампаній на сваёй тэрыторыі. Таксама гаварылася, што дабрабыт брытанскіх дыпламатаў і астатніх грамадзян у Лівіі будзе пастаўлены пад пагрозу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула