БЕЛ Ł РУС

Гендырэктар Еўрапейскага вяшчальнага саюза наведала Белтэлерадыёкампанію

24.02.2011 / 11:59

Гендырэктар Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) Інгрыд Дэльтанр 23 лютага наведала Белтэлерадыёкампанію.

Як паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, спадарыня Дэльтанр падрабязна азнаёмілася з кіраваннем, структурай і вяшчальнай палітыкай тэлерадыёкампаніі, якая прадстаўляе Беларусь у ЕВС. Абмяркоўваліся таксама бягучыя пытанні і новыя сумесныя праекты Белтэлерадыёкампаніі і ЕВС.

Інгрыд Дэльтанр і старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька «з задавальненнем адзначылі запатрабаванасць беларускіх матэрыялаў у абменнай сетцы ЕВС, актывізацыю і пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемную зацікаўленасць у далейшай сумеснай працы», адзначаецца ў прэс-рэлізе.

«Мы высока ацэньваем супрацоўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза, — цытуе Дэльтанр прэс-служба кампаніі.
— Мы абменьваемся інфармацыяй і відэафайламі, і гэта вельмі важна, таму што так Еўропа і ўсе ўдзельнікі ЕВС даведаюцца аб Беларусі. Мы спадзяемся, што ў будучыні наша супрацоўніцтва будзе развівацца, нас чакаюць новыя сумесныя праекты».

ЕВС — найбуйнейшае ў свеце аб’яднанне нацыянальных вяшчальных арганізацый з галаўным офісам у Жэневе. Саюз быў створаны 12 лютага 1950 года 23 еўрапейскімі тэле- і радыёкампаніямі міжземнаморскага рэгіёну. Сёння ў склад ЕВС уваходзяць 74 тэлерадыёкампаніі з 56 краін Еўропы, Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Белтэлерадыёкампанія прадстаўляе Беларусь у ЕВС з 1993 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула