Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ля ізалятараў на Акрэсціна

19 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся пад сценамі ізалятараў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, якія сталі сімвалам катаванняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах, паведамляе catholic.by
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведаў гэтае месца болю і цярпення разам з супрацоўнікамі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Дабрачыннай місіі Добрага самараніна» і валанцёрамі, якія ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць людзей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
У сярэдзіну арцыпастыра не ўпусцілі. На вуліцы, пад дажджом іерарх маліўся разам з групай вернікаў, сярод якіх былі духоўныя і кансэкраваныя асобы і ўдзельніцы руху «Маці ў малітве».
Пасля малітвы арцыбіскуп больш за гадзіну размаўляў з людзьмі, якія былі зняволены на Акрэсціна, і з валанцёрамі, якія аказваюць ім дапамогу.

Сабраныя пад сценамі ізалятара, як і напярэдадні каля СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзякавалі кіраўніку каталіцкага епіскапату краіны за яго прынцыповую пазіцыю непрымання насілля. Нагадаем, што Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў апошнія дні неаднаразова звяртаўся з патрабаваннем вызваліць усіх незаконна затрыманых падчас акцый пратэсту мірных грамадзянаў.
14 жніўня ён выказаў гэтае патрабаванне ў звароце да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях, а раніцай 18 чэрвеня яшчэ адзін зварот іерарх скіраваў непасрэдна міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву. Адказу ад уладаў да гэтага часу няма.
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары