Свет

«Яму расійскі БМП пераехаў галаву». У Барадзянцы ўскрываюць пахаванні забітых падчас акупацыі

У горадзе Барадзянка ў Кіеўскай вобласці, які доўгі час знаходзіўся пад расійскай акупацыяй, паліцыя пачала ўскрываць першыя брацкія магілы тых, хто быў забіты за час вайны. Раней гэтую працэдуру ўжо прайшлі Буча і Ірпень, а цяпер чарга даходзіць да гарадоў і пасёлкаў, якія знаходзяцца крыху далей ад сталіцы Украіны, паведамляе «Настоящее время».

Па стане на 21 красавіка на тэрыторыі Кіеўскай вобласці былі знойдзеныя целы 1045 цывільных асоб, забітых расійскімі вайскоўцамі, паведаміў у сераду начальнік Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласці Андрэй Нябытаў. Аднак, па яго словах, канчатковая колькасць загінулых можа быць большай: целы працягваюць знаходзіць не толькі ў брацкіх магілах, але таксама ў падвалах, калодзежах. Многія людзі, якія вяртаюцца ў свае дамы, кажуць, што знаходзяць свежыя пахаванні ў агародах ці проста ля дарог.

Сын Надзеі, Канстанцін быў адным з першых, каго расійскія вайскоўцы забілі ў Барадзянцы. У яго тры кулі ў баку. Мясцовыя жыхары кажуць, што Канстанціна забілі ў канцы лютага, калі калона расійскіх войскаў заходзіла ў Барадзянку.

«Ён пераходзіў праз дарогу, калі ўвайшлі ў Барадзянку бэтээры, і яго расстралялі, — распавядаюць яны. — Ён быў без зброі, без нічога, ён дадому ішоў. На працу не пускалі ў Кіеў, ён нікуды не мог паехаць».

«Сыночак мой, прабач мяне, родненькі, даруй, коцік, — хрысціць заплаканая Надзея цела сына. — Маленькі мой сыночак, родненькі. Ты казаў: буду цябе ахоўваць і дапамагаць табе ва ўсім».

Побач з Канстанцінам ляжыць цела Каці Шышкінай: менавіта так падпісаны спехам скалочаны крыж, які паставілі на яе магіле. Каці было ўсяго 15 гадоў. Хавалі яе ў коўдры суседзі за сваім сваім агародам — на могілкі ісці было небяспечна.

Суседзі распавядаюць, што Каця разам з бацькамі спрабавала з'ехаць на машыне з суседняй Бучы — там вайна пачалася на некалькі дзён раней. Але па машыне адкрылі агонь расійскія войскі.

«Бацька яе быў паранены ў руку, і маці параненая таксама. А ёй трапіла ў лёгкія — распавядаюць яны. — Аперацыю ёй рабіў наш хірург ваенны Лесагор і распавядаў: «Я выратаваць не змог яе. Такое раненне, што несумяшчальнае з жыццём».

У сераду толькі на адным невялікім участку ў Барадзянцы знайшлі і эксгумавалі целы з трох магіл. Праз 50 метраў ад іх — яшчэ траншэя, у ёй яшчэ шэсць цел. Сярод іх — бацька Аляксандра. Сын расказвае, што яго бацька, рускамоўны, ішоў бяззбройны спыняць расійскую калону і думаў, што агульная з акупантамі мова яму дапаможа.

«Я яму ў тэлефонным рэжыме сказаў: «Баця, не трэба, не ідзі. Там страляюць», — распавядае Аляксандр. — А ён кажа: «Яны мяне з****лі, колькі ўжо можна ездзіць? Колькі можна людзей забіваць? Яго проста знеслі на БМП, яму расійскі БМП пераехаў галаву».

Аляксандр кажа, што ён і сам гэтак жа, як і яго бацька, мог ляжаць ля дарогі. Падчас акупацыі расіяне забралі ў яго тэлефон. Там у Фэйсбуку было відэа, як украінскія войскі грамяць расійскую калону. Ён распавядае, што калі расійскія вайскоўцы яго знайшлі, яму пагражалі забойствам:

«Самае цікавае, што ён не ставіць аўтамат табе да лба. А ставіць сюды, да вены, каб ты не адразу памёр — а памучаўся, сцёк крывёю, — распавядае ён. — А іх стаіць вось так чалавек 15-20 з аўтаматамі. І глядзяць: расстраляе ён мяне ці не».

Дом Аляксандра быў спалены. Свой тэлефон у агародзе ён адкапаў толькі тыдзень таму — калі прыйшлі ўкраінскія войскі.

«Усё выдаліў, усё пазаціраў, а тэлефон закапаў! Сказаў, вось калі будзе ў мяне тэлефон, не будзе там ні Instagram, ні Фэйсбука. Будзе просты кнопкавы тэлефон», — кажа ён.

Судмедэксперты, якія агледзелі ўжо больш за 6 сотняў цел забітых цывільных у Кіеўскай вобласці, кажуць, што больш чым у паловы — кулявыя раненні.

«Я думаю, можна і трэба казаць пра генацыд менавіта ўкраінскага народа, бо неабходнасці забіваць такую колькасць цывільнага насельніцтва ў арміі не было, — падкрэслівае Андрэй Нябытаў, кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці. — Ніякай пагрозы гэтыя людзі для іх не стваралі. Ніякага супраціўлення яны не аказвалі».

Генацыдам ўжо назваў забойства мірных жыхароў у Кіеўскай вобласці прэзідэнт ЗША і некаторыя іншыя сусветныя лідары. Але вырашаць, ці быў гэта генацыд, будуць міжнародныя суды, прадстаўнікі якіх цяпер вядуць расследаванне на тэрыторыі Украіны.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай4

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай

Усе навіны →
Усе навіны

Былога каліноўца Верамейчыка, якога выкралі з В’етнама, перавялі ў турму4

Трамп стаў героем мемаў пасля чэмпіёнскага фота зборнай Іспаніі10

Пуціну далажылі пра аднаўленне кантролю над «сухапутным калідорам» у Крым

Пад канец года на ўсходзе Мінска пачнуць будаваць новы буйны жылы раён7

Чаму ў Мінску сохнуць дрэвы і што з гэтым спрабуюць рабіць3

Пад Ваўкавыскам перакулілася машына хуткай дапамогі: пацярпелі медыкі і пацыент2

Эндзі Бёрнэм заявіў пра непахісную і рашучую падтрымку Украіны5

Таццяна Буланава здала гісторыю Беларусі на восем балаў5

Сталі вядомыя магчымыя супернікі беларускіх клубаў у трэцім раўндзе Лігі канферэнцый

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай4

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць