Хрэнін расказаў, як будзе выконвацца загад Лукашэнкі аб адпраўцы аграрыяў-недарэк у войска
Міністэрства абароны Беларусі распрацоўвае план дзеянняў пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці прыцягваць да вайсковай службы тых работнікаў сельскай гаспадаркі, якія, на яго думку, не выконваюць належным чынам свае абавязкі падчас уборачнай кампаніі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Віктар Хрэнін пасля таго, як нібыта зрабіў даклад Лукашэнку (самога Лукашэнку, як звычайна па серадах, не паказвалі).

22 ліпеня падчас нарады, прысвечанай жніву, Лукашэнка, закранаючы праблему працоўнай дысцыпліны ва ўмовах дэфіцыту кадраў, заявіў, што замест прымянення іншых мер уздзеяння тых, «хто не ўмее працаваць», варта накіроўваць у войска і на паўднёвую мяжу краіны.
Па словах Віктара Хрэніна, пасля гэтага даручэння вайсковыя камісары ўжо пачалі падрыхтоўчую работу. У найбліжэйшы час яны правядуць сумесныя нарады з кіраўнікамі мясцовых органаў улады, вызначаць парадак дзеянняў, пасля чаго будуць выязджаць у гаспадаркі, каб аказваць ім неабходную дапамогу падчас уборкі ўраджаю.
Міністр удакладніў, што гаворка не ідзе пра адпраўку такіх работнікаў на тэрміновую вайсковую службу. Паводле яго слоў, людзей, якія не жадаюць добрасумленна працаваць, плануецца прызываць на вайсковыя зборы.
Як падкрэсліў кіраўнік Мінабароны, мэтай такіх збораў будзе не «перавыхаванне» недысцыплінаваных работнікаў, а ўдасканаленне баявой падрыхтоўкі ваеннаабавязаных. Ён адзначыў, што гэтыя мерапрыемствы будуць выкарыстоўвацца для павышэння ўзроўню вайсковай падрыхтоўкі рэзервістаў.
Каментары