Кажуць, у Расіі знялі жаночую версію «Графа Монтэ-Крыста». Што гэта за серыял?
Расійскі серыял пра дзяўчыну, якая помсціць за сваё несправядлівае зняволенне, б’е рэкорды праглядаў. Яго глядзяць і ў Беларусі.

«Холад», новы серыял ад расійскіх стрымінгаў, — гісторыя пра мажораў, сям’ю і барацьбу за справядлівасць з маладой прыгожай зоркай у галоўнай ролі.
Стваральнікі называюць «Холад» уласнай версіяй «Графа Монтэ-Крыста». Нагадаем той сюжэт: герой Дзюма, несправядліва зняволены марак, збягае з турмы пасля 14 гадоў за кратамі і набіраецца сіл, каб адпомсціць.
У «Графа Монтэ-Крыста» дзясяткі экранізацый. Часам сцэнарысты дазвалялі сабе ставіцца да сюжэта адвольна — пераносілі яго ў далёкую будучыню і краіны ад Паўднёвай Карэі да СССР. Але паўсюль захоўвалася асноўная сюжэтная схема Дзюма: вялікая крыўда (часцей за ўсё праз ілжывае абвінавачванне), сыход у цень праз зняволенне ці выгнанне, а потым вяртанне, каб адпомсціць.
Такі шлях атрымаўся і ў Жэні Плотнікавай, гераіні Любові Аксёнавай. Разам з мужам і маленькай дачкой яна вяртаецца з сямейнага свята і на дарозе ўступае ў канфлікт з кампаніяй мажораў. Пасля Жэня прачынаецца ў бальнічнай палаце і даведваецца, што яе муж і дачка загінулі ў аварыі, зладжанай тымі самымі мажорамі.
Вядома, такую аварыю трэба расследваць. І Жэні прапануюць выбар: або яна падпісвае паперу, што ў трагедыі вінаватая нейкая трэцяя машына, або, як пагражае ёй каламутны адвакат, будзе горш. Бяда ў тым, што на тым сямейным свяце дзяўчына выпіла глыток нечага алкагольнага — а значыць, яна і сама можа лёгка аказацца вінаватай у бядзе.
Урэшце на руках дзяўчыны зашчоўкваюцца кайданкі, і яе адвозяць у адну з расійскіх калоній. Спачатку маладая ўдава не хоча жыць і робіць усё, каб найхутчэй уз’яднацца з роднымі, якія пакінулі яе ў той аварыі. Але потым Жэня вырашае помсціць.

У будучага графа з рамана Дзюма, аднак, нічога б не атрымалася без аднаго героя. Яму дапамагае абат Фарыя, каталіцкі святар, які вучыць небараку навукам і дзеліцца з ім інфармацыяй пра тое, дзе знайсці скарбы, карысныя для здзяйснення помсты.
У «Холадзе» скарбы мадэрнізавалі, як і самога абата, замест яго там хітрая эканамістка Яна. Жэня сустракае яе ў карцары. Яна вучыць новую сяброўку, як выжываць на зоне і ладзіць фінансавыя махінацыі, а заадно расказвае ёй пра таемныя рахункі на волі і тое, як атрымаць да іх доступ. Тыя актывы і дапамогуць Жэні пайсці на помсту.
«Холад» здымалі адразу тры расійскія стрымінгі — «Іві», START i Wink. Бачна, колькі грошай укладзена ў праект: разнастайныя лакацыі ад багатай Масквы да калоніі ў снезе, топ-акцёры накшталт Любові Аксёнавай, Ларысы Гузеевай і Пятра Фёдарава, прапрацаваныя інтэр’еры і колькасць масоўкі.
Стрымінгі робяць на «Холад» вялікую стаўку, і яна спрацоўвае. Выйшла толькі 2 з 10 серый праекта, але пра «Холад» ужо багата кажуць у сацсетках, а стрымінгі хваляцца поспехамі — першая серыя сабрала тры мільёны праглядаў, на расійскім «Кінапошуку» праект мае рэйтынг у 7,9 балаў з 10. Мяркуючы па даных пошукавікаў, «Холад» актыўна глядзяць і ў Беларусі.
Праект моцна нагадвае іншы ваколтурэмны хіт апошніх гадоў, «Аўтсорс». Гэта была гісторыя пра расійскую калонію строгага рэжыму ў 90-я, дзе яшчэ ладзяць смяротныя пакаранні. Тамтэйшая каманда наглядчыкаў вырашае перадаць права на іх правядзенне сваякам, чыіх родных забілі тыя крымінальнікі — зладзіць, такім чынам, сваеасаблівы аўтсорсінг.
І «Аўтсорс», і «Холад» задавольваюць жаданне гледача хаця б на экране пабачыць, як адзін чалавек перамагае сістэму. Мала хто ў цяперашняй Расіі ці Беларусі пойдзе на адкрыты супраціў, але ж нават у самай закрытай сістэме накшталт турмы ёсць свае ўразлівасці. Косця з «Аўтсорса» і Жэня з «Холада» бяруць іх на ўзбраенне і даюць гледачу шанс пабачыць той маленькі пераможны бунт, без якога ўжо ніяк. Агрэсія, загнаная далёка праз немагчымасць яе выразіць, выходзіць вонкі, і робіцца крышку лягчэй, глядач атрымлівае свой маленькі катарсіс.

«Холад», як і «Аўтсорс» — поўная супрацьлегласць заходніх серыялаў пра гераічных паліцэйскіх, якія абараняюць народ. Некалі такія серыялы здымалі і ў Расіі — згадайце «Вуліцы пабітых ліхтароў» — але цяпер глядач больш не верыць, што сістэма здольная абараніць справядлівасць. Таму і цягнуцца да серыялаў, дзе чалавек з народа змагаецца за справядлівасць і перамагае, у адрозненне ад дзяржавы, якая заўжды цябе кіне.
Людзі, хоць трохі знаёмыя з сапраўднымі жаночымі калоніямі ў постсавецкіх краінах, пэўна ж знойдуць у «Холадзе» шмат адступленняў ад рэалій у бок турэмных штампаў. Але, здаецца, казка пра Монтэ-Крыста заўжды была толькі казкай, і не варта ставіцца да яе інакш.
Наўрад ці ў сённяшняй Расіі здольныя з'явіцца моцныя праекты, якія б расказвалі праўду пра турму. Але турма — зручная сцэна, каб расказаць пра ўзаемаадносіны чалавека з сістэмай у найбольш насычаным фармаце.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары
А в Зимбабве что сняли? А в Эстонии?