БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская просіць Швейцарыю арганізаваць перамовы па вызваленні палітвязняў

19.01.2023 / 10:10

Nashaniva.com

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да Швейцарыі з просьбай аб садзейнічанні ў вызваленні беларускіх палітвязняў. Пра гэта яна казала 18 студзеня на сустрэчы з прэзідэнтам Нацыянальнай рады Швейцарыі Марцінам Кандзінасам у Давосе, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

На сустрэчы Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і папрасіла дапамагчы арганізаваць дыялог па іх вызваленні пры пасярэдніцтве Швейцарыі.

Акрамя таго, лідарка дэмсіл папрасіла Кандзінаса разгледзець магчымасць выдзялення Швейцарыяй дапамогі рэпрэсаваным, а таксама далучэння да санкцый супраць сілавікоў і суддзяў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях і падтрымліваюць вайну.

Варта нагадаць, што пры пасярэдніцтве Швейцарыі ў лютым мінулага года ўжо была вызвалена палітзняволеная Наталля Хершэ, якая мае як беларускі, так і швейцарскі пашпарты. Гэтаму папярэднічалі накіраванне амбасадара Крысцін Хонегер-Залатухін у Беларусь і ўручэнне Аляксандру Лукашэнку даверчых грамат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула