БЕЛ Ł РУС

«Сказалі маці, што застрэліўся». У войску ў Дзень Незалежнасці загінуў малады салдат

5.07.2024 / 13:53

Nashaniva.com

Трагічнае здарэнне адбылося ў Дзень Незалежнасці ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, што дыслакуецца ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Пры пакуль нявысветленых абставінах загінуў 19-гадовы Мацвей Канавалаў з Хойнікаў.

«Ён быў у нарадзе. Магчыма, здарыўся няшчасны выпадак, але, хутчэй, ён сам застрэліўся, бо гэта адбылося ноччу», — расказала «Нашай Ніве» абазнаная крыніца.

Па словах суразмоўцы, трагедыя адбылася 3 ліпеня ў 2:45, але не ў Заслонаве, а ў Мачулішчах, куды на Дзень Незалежнасці дыслацыравалі Канавалава.

Пры дапамозе BELPOL мы даведаліся, што ў Беларусі ёсць толькі адзін Мацвей з такім прозвішчам і такога ўзросту. Інфармацыю пра яго смерць нам пазней пацвердзілі знаёмыя хлопца:

«Ён паразмаўляў з маці ўвечары, а зранку ёй патэлілі з арміі і сказалі, што Мацвея больш няма. Што ён застрэліўся нібыта. Але ніхто ў гэта не верыць».

Мацвей Канавалаў. Фота: vk.com

Мы таксама патэлефанавалі ў Горскі сельсавет, да якога адносіцца Заслонава. Там ускосна пацвердзілі здарэнне: «А, вы па тым хлопцу, з якім разбіраюцца». Але па падрабязнасці накіравалі да намесніка камандзіра па ідэалагічнай працы палкоўніка Вячаслава Акавіцкага.

У размове з намі Вячаслаў Акавіцкі ўсё адмаўляў: «Нічога ў нас не здарылася. Вы ўвогуле памыліліся нумарам», — і кінуў слухаўку.

Мацвей з пасведчаннем прызыўніка яшчэ ў дзявятым класе. Фота: vk.com

Па словах знаёмых з сітуацыяй, Мацвея Канавалава ўжо паспелі пахаваць.

Чытайце таксама:

«Нармальныя хлопцы, нармальныя дзеці не страляюцца». У часці ў Печах пацвердзілі суіцыд салдата

Стала вядома пра яшчэ адзін нядаўні суіцыд беларускага салдата, гэтым разам памежніка

Загінуў салдат тэрміновай службы з механізаванай брыгады са Слоніма

Каментары да артыкула