БЕЛ Ł РУС

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс

7.04.2026 / 16:02

Nashaniva.com

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс прыбыў у Будапешт, каб выказаць падтрымку прэм’ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану, аднаму з самых адданых саюзнікаў Дональда Трампа ў Еўропе. У гэту нядзелю Венгрыю чакаюць парламенцкія выбары, і лічыцца, што яны стануць для Орбана самымі складанымі з 2010 года, калі ён прыйшоў да ўлады, піша Бі-бі-сі.

Джэй Дзі Вэнс і Віктар Орбан. Фота: AP Photo/Denes Erdos

Самалёт Вэнса раніцай у аўторак сустракаў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. Перад гэтым ён адзначыў у фэйсбуку «асабістую дружбу паміж Дональдам Трампам і Віктарам Орбанам».

«Няма ніякіх сумневаў, што венгерска-амерыканскія адносіны перажываюць залаты век», — напісаў ён.

Пазней на сумеснай прэс-канферэнцыі з Орбанам Вэнс заявіў, што падрыхтоўка да нядзельнага галасавання стала «найгоршым прыкладам замежнага ўмяшання ў выбары», і ён прыбыў у Будапешт, каб паслаць сігнал Бруселю.

«Я сапраўды хацеў паслаць сігнал усім, асабліва бюракратам у Бруселі, якія зрабілі ўсё, што маглі, каб утрымаць народ Венгрыі ў падпарадкаванні, таму што ім не падабаецца лідар, які сапраўды стаў на абарону народа Венгрыі», — сказаў ён.

Ён выказаў і поўную падтрымку энергетычнай палітыцы Віктара Орбана, якая завязаная на атрыманні танных энерганосьбітаў ад пуцінскай Расіі і супраціве агульнаеўрапейскай палітыцы, скіраванай на вызваленне ад расійскай залежнасці.

«Я думаю, Віктар Орбан быў самым уплывовым лідарам у Еўропе ў пытанні энергетычнай бяспекі і незалежнасці. Забаўна назіраць за гэтым: прэм’ер-міністры і лідары некаторых заходнееўрапейскіх сталіц гавораць пра энергетычны крызіс, хоць, шчыра кажучы, ім варта было б прытрымлівацца палітыкі Віктара Орбана ў Венгрыі. Калі б яны так зрабілі, энергетычны крызіс, які яны перажываюць цяпер, быў бы значна менш сур’ёзным, таму што цяпер у Венгрыі, хоць цэны на энерганосьбіты і выраслі, яны значна ніжэйшыя, чым амаль у любой іншай краіне Еўропы.

І гэта дзякуючы лідарству чалавека, які стаіць побач са мной. І я думаю, што гэтае лідарства можа паслужыць прыкладам для ўсяго кантынента. Мы хочам, каб Еўропа была паспяховай. Мы хочам, каб еўрапейскія сем’і маглі дазволіць сабе ацяпляць свае дамы і будаваць цудоўныя рэчы. Мы хочам, каб Еўропа была энергетычна незалежнай і нават энергетычна дамінантнай, але яна не будзе энергетычна бяспечнай, калі працягне прытрымлівацца правальнай палітыкі мінулага. І таму я думаю, што Віктар быў выдатным прыкладам у пракладванні курсу, які можа прывесці да лепшай, больш квітнеючай і больш энергетычна бяспечнай Еўропы», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Чакаецца, што ў аўторак днём Вэнс выступіць на перадвыбарчым мітынгу разам з Орбанам на футбольным стадыёне ў Будапешце.

У венгерскай сталіцы былі ўзмоцненыя меры бяспекі: уздоўж дарог уведзеныя абмежаванні на паркоўку і прыбраныя сметніцы, на вуліцах шмат паліцыі, а каля рэзідэнцыі Орбана выстаўлена ачапленне.

Мост да рэзідэнцыі Орбана, размешчанай у былым Кармеліцкім манастыры з выглядам на Дунай, упрыгожаны амерыканскімі і венгерскімі сцягамі.

Чытайце таксама:

Орбан у размове з Пуціным параўнаў сябе з мышанём, што дапамагае Пуціну, льву

Сербскія ўлады заявілі, што каля газаправода з расійскім газам знайшлі магутную выбухоўку

Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана

У Еўрасаюзе абмяркоўваюць змены сістэмы галасавання, калі на выбарах у Венгрыі зноў пераможа Орбан

Орбан на перадвыбарчым мітынгу сарваўся і накрычаў на пратэстоўцаў

Каментары да артыкула