Зумерка з Гродна папрасіла запрасіць яе на вяселле — беларусы адгукнуліся
У Threads карыстальніца звярнулася да жыхароў Гродна і Беларусі — папрасіла запрасіць яе на вяселле, заўважыла выданне Hrodna.life. Дзяўчына адносіць сябе да пакалення зумераў, таму «ў найбліжэйшыя пяць гадоў» яе сябры не плануюць шлюбаў. А пабываць на вяселлі гродзенцы вельмі хочацца.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
«Я вам і падаруначак зраблю, і кошык кветак/букет падару (я фларыст) і пафоткаю ўсіх на canon g7x mark III, толькі запрасіце», — папрасіла гродзенка.
У каментарах адшукалася больш за 10 карыстальнікаў, гатовых паклікаць аўтарку паста на вяселле. Раяць і радыкальны варыянт — прыйсці «пры парадзе» да ЗАГС у суботу, а пакуль разбяруцца, з чыйго боку госця — ужо і поўнач.
Іншыя падтрымалі трэнд і таксама папрасілі ўзяць іх на ўрачыстасць. Таксама ў каментарах адзначыўся адзін з салонаў прыгажосці — дзяўчыну запрасілі на «манікюр, педыкюр, карэкцыю броваў ці макіяж». «А наогул, і без вяселля, усё роўна прыходзьце», — дадалі аўтары. А ўладальнікі дома пад шумок прапануюць здачу ў арэнду пад другі вясельны дзень.
Карыстальнікі дамовіліся адсочваць вынікі пошуку вяселляў. У сваю чаргу аўтарка паабяцала пазней расказаць, ці ўдалося ёй пабываць на вяселлі.
«Прыйдзем з падарункамі»
«Дарэчы, без жартаў, у Францыі ёсць такая тэма калі прыходзяць на вяселле чужыя людзі ну і «дораць» падарункі, ім па фане вясельная тэма, ну а парам адбіць вяселле», — піша адзін з карыстальнікаў.
«О, і я вельмі хачу сваім 2 дзецям (14 і 23) паказаць вяселле. Яны ні разу не былі. Мы жывем у Нямеччыне. Прыедзем у сярэдзіне ліпеня. Можа, хто запросіць? Прыйдзем з падарункамі, вядома», — абяцае іншая карыстальніца.
«А які сэнс запрашаць на сямейную імпрэзу чужых людзей і карміць паіць за кошт маладых? Тым больш яшчэ будзеце фатографу перашкаджаць. Можа ўжо лепей вам самой выйсці замуж і адчуць усё на сабе», — каментуе ўдзельнік абмеркавання.
«Вось у зумераў зараз, якраз такі, больш шанцаў патрапіць на вяселле аднагодкаў, чым у міленіялаў. Міленіялы ўжо ўсе або перажаніліся, або выбралі жыць у сола, або калі і жэняцца, то ціхенька, без шуму і ўрачыстасці. І так, я міленіял, які не быў на вяселлі больш за 10 гадоў і наўрад ці ўжо пабывае. А так хочацца», — расказвае карыстальніца.
Дарэчы, у Гродзенскай вобласці ў 2025 годзе ў параўнанні з папярэднім годам стала больш афіцыйна зарэгістраваных шлюбаў. Паводле свежых звестак службы статыстыкі, у 2025 годзе ў рэгіёне зарэгістравалі 5231 шлюб. Гэта больш, чым годам раней, калі адносіны ўзаконілі 4864 пары — рост склаў каля 7,5%.
Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб на Гродзеншчыне застаецца стабільным: мужчыны звычайна бяруць шлюб упершыню ў 28—29 гадоў, а жанчыны — амаль у 26.
Лічыцца, што зумеры нараджаліся ў 1997‑2012 гадах. Выходзіць, што зараз сярод жыхарак Гродна і вобласці ўзрост заключэння першага шлюбу выпадае на пакаленне зумераў. У мужчын — закранаючы мяжу паміж зумерамі і міленіяламі.
Чытайце таксама:
Чаму пакаленне Z не ўмее працаваць у офісе
Трэнд сярод беларускіх зумераў і міленіялаў: усё больш моладзі вяртаецца жыць да бацькоў
Хэйтарскія акаўнты аўтобусаў — новы трэнд беларускіх зумераў