БЕЛ Ł РУС

Беларускія памежнікі навучылі маладую расіянку правільна называць нашу краіну. А тая моцна пакрыўдзілася

2.05.2026 / 07:48

Арына Жураўская

Афіцыйны акаўнт памежнай службы Беларусі параіў гасцям краіны запомніць правільную назву — Беларусь, а не «Белоруссія». Што тут пачалося…

Першапачатковы допіс быў прысвечаны таму, быццам чалавеку на мяжы «Белоруссіі» анулявалі расійскі пашпарт. У якасці доказаў быў і здымак дакументу са штампам «Анулявана».

Тлумачыць сітуацыю ў каментары прыйшоў афіцыйны акаўнт памежнай службы Беларусі: «Памежная тлумачальная брыгада прыехала: памежная служба не займаецца ануляваннем пашпартоў. Калі б былі нейкія праблемы з дакументам, то мы б яго проста забралі.

І калі ўжо вы ў нас у гасцях, нагадаем, што правільна называць нашу дзяржаву — Рэспубліка Беларусь ці Беларусь».

Каментар памежнікаў набраў больш за тысячу лайкаў. Але расіяне ў каментарах ашалелі. Пайшоў тыповы набор аргументаў: напрыклад, пра Германію, якую па-руску ніхто Дойчландам не называе. І песню «Песняроў», канечне, згадалі.

Аляксандра Мелякова, фота з яе інстаграма

Асабліва моцна пакрыўдзілася расіянка Аляксандра Мелякова. Яна прызналася, што раней лічыла: каментары пра нелюбоў беларусаў да расіян пішуць толькі боты. Але пабачыўшы каментар у «павучальна-саркастычным» тоне ад памежнай службы, моцна пакрыўдзілася.

Кажа, раней чула пра Беларусь шмат добрага і хацела туды з'ездзіць, але цяпер будзе вандраваць па радзіме ці іншых краінах, дзе яе «не вучаць, як размаўляць на сваёй мове». Беларусы ў каментарах радуюцца такому рашэнню. А Аляксандра не лянуецца назваць кожнага ботам.

Чытайце таксама:

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

«Сямейка са Смаленска. Крычалі, што ім трэба ехаць». П'яны пасажыр пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў

Каментары да артыкула