Шасцярых пацярпелых у Бранскай вобласці эвакуююць у Беларусь
Хлопчыку, які знаходзіцца ў цяжкім стане, была праведзена аперацыя.
Фота з тэлеграм-канала губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука
Шасцёра пацярпелых у Бранскай вобласці будуць эвакуяваныя ў Беларусь Пра гэта паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, піша БелТА.
«На гэты момант эвакуююцца шасцёра пацярпелых. З іх двое знаходзяцца ў цяжкім стане: адно дзіця і адзін дарослы. Яшчэ чатыры чалавекі маюць траўмы рознай ступені цяжкасці, але іх стан не ацэньваецца як цяжкі», — сказаў міністр.
Хлопчыку, які знаходзіцца ў цяжкім стане, змяшанай брыгадай спецыялістаў, у склад якой уваходзілі медыкі з Масквы, Бранска і Беларусі, была праведзена аперацыя.
Учора позна вечарам аўтобус з беларускімі дзецьмі вярнуўся ў Рэчыцу.
17 чэрвеня ў Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.
У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.