Літва палічыла фігуранта расследавання «Нашай Нівы» Скіндзерава пагрозай нацыянальнай бяспецы і збіраецца пазбавіць статусу ўцекача
Гэта той правакатар, які абвесціў вайну Святлане Ціханоўскай, а ў кафэ накінуўся на Дзяніса Кучынскага.
Дзмітрый Скіндзераў. Фота: Дзмітрый Казлоў, Facebook
Як піша «Сота», Дзмітрый Скіндзераў атрымаў ад Дэпартамента міграцыі Літвы паведамленне пра намер пазбавіць яго статусу бежанца, бо ёсць падставы лічыць яго пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Скіндзераву даецца 5 дзён, каб абараніць сябе.
Скіндзераў стаў вядомы як крытык Ціханоўскай і правакатар, які ў студзені 2026 года кінуўся ў кафэ на дарадцу Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага.
Сам ён раней быў віцебскім прадпрымальнікам, а пасля назапасіў даўгоў. У 2020‑м спрабаваў прабіцца да каманды Ціханоўскай і прапаноўваў свае кансультацыі.
Пасля выхаду расследавання «Нашай Нівы» Скіндзераў прапаў з гарызонтаў і фактычна спыніў сваю каляпалітычную дзейнасць.