БЕЛ Ł РУС

Па заводзе электронікі ў Варонежы УСУ, верагодна, ударылі трыма новымі амерыканскімі ракетамі

24.06.2026 / 16:31

Nashaniva.com

Завод электронікі ў Варонежы УСУ маглі атакаваць 22 чэрвеня трыма новымі амерыканскімі ракетамі AGM-188A Rusty Dagger. Пра гэта паведамляе выданне Forbes са спасылкай на расійскія і ўкраінскія крыніцы. Афіцыйнага пацвярджэння выкарыстання гэтых ракет пакуль няма.

Ракета AGM-188A Rusty Dagger. Фота: armyrecognition.com

Ракета AGM-188A Rusty Dagger была распрацаваная ў межах праграмы Extended Range Attack Munition (ERAM), якая прадугледжвае стварэнне адносна недарагой дальнабойнай зброі для знішчальнікаў F-16. Вытворцам выступае амерыканская кампанія Zone 5 Technologies.

Паводле наяўнай інфармацыі, далёкасць палёту ракеты перавышае 460 кіламетраў. Яна абсталяваная сучаснымі сістэмамі навядзення і сродкамі супрацьдзеяння радыёэлектроннаму падаўленню.

Forbes сцвярджае, што Украіна заказала 3550 такіх ракет на агульную суму 825 мільёнаў долараў. Такім чынам, кошт адной адзінкі складае каля 246 тысяч даляраў, што прыкладна ў дзесяць разоў танней за брытанскія ракеты Storm Shadow.

Паводле спадарожнікавых здымкаў кампаніі Planet Labs, апублікаваных праектам «Схемы», у выніку ракетнага ўдару па Варонежскім заводзе паўправадніковых прыбораў былі пашкоджаныя як мінімум два будынкі.

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў раней паведамляў, што ў выніку атакі загінулі пяць чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.

Прадпрыемства «ВЗПП-С» лічыцца адным з вядучых расійскіх вытворцаў паўправадніковых прыбораў, інтэгральных мікрасхем і сілавых модуляў. Паводле адкрытых крыніц, яго прадукцыя выкарыстоўваецца ў тым ліку пры вытворчасці крылатых ракет Х-101, комплексаў «Іскандэр-К» і «Калібр», а таксама сістэм супрацьпаветранай абароны С-400 і «Панцыр».

Чытайце таксама:

УСУ нанеслі ракетны ўдар па заводзе ВПК у Варонежы. У дзённы час

Украіна, магчыма, ужо атрымала першыя амерыканскія ракеты ERAM. Яны дасягаюць усёй тэрыторыі Беларусі

«У нас усё спакойна». Беларускі санаторый у Крыме не папярэджвае гасцей пра небяспеку

Каментары да артыкула