БЕЛ Ł РУС

«Ідзеш — і ўсюды двухсотыя». Міхаіл з Лагойска, які ваяваў за Расію, у шоку, як украінцы вядуць кожны крок расійскіх салдат

29.06.2026 / 10:00

Вінцэсь Клепачэня

«Нас ужо кантралявалі, як толькі мы выйшлі. Бо ў кожнай пазіцыі ўкраінцаў ёсць нашы рацыі. Ва ўсіх», — даводзіць Міхаіл Шалгун у інтэрв'ю Belpol.

Міхаіл Шалгун. Скрын відэа: osbbelpol / YouTube

Міхаіл Шалгун нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Лутава Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Нейкі час ён жыў у Лагойску. У 2020 годзе, пасля вызвалення з калоніі ў Ваўкавыску, выехаў у Расію на заробкі.

Паводле слоў Шалгуна, ён не раз быў судзімы. Найбольш цяжкі прысуд атрымаў паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць пацярпелага.

У Беларусі ў яго засталася былая жонка. У Расіі жывуць сястра і пляменніца.

На пытанне пра матывы пайсці ваяваць мужчына адказвае:

«Працаваў на будоўлі. Здаецца, і было ўсё. Проста вырашыў, падпісаў і паехаў. У мяне ў пляменніцы брат мужа пайшоў на СВА, яму быў 21 год. Ён месяца не праслужыў. Яго забілі. І вось я чамусьці вырашыў».

Паводле слоў Шалгуна, ён сам патэлефанаваў у ваенкамат і падпісаў кантракт. За гэта яму выплацілі 2,1 мільёна расійскіх рублёў (27 тысяч даляраў). Усе гэтыя грошы ён перавёў сваёй пляменніцы ў Расіі.

Падрыхтоўка Міхаіла доўжылася менш за месяц. Спачатку яго накіравалі ў вайсковую часць пад Санкт-Пецярбургам, а адтуль — у Маркаўку пад Белгарадам. Пасля 27 дзён у вучэбцы яго адправілі ў Тавалжанку, а затым — на фронт у раён Ваўчанска Харкаўскай вобласці Украіны.

Рэальнасць вайны аказалася значна страшнейшай, чым Міхаіл уяўляў па відэа з інтэрнэту.

«Запомнілася толькі адно. Калі ідзеш — і ўсюды «двухсотыя». Колькі яны там праляжалі… Відавочна, што нямала. (…) Проста ідзеш і баішся наступіць на іх», — кажа ён.

Згадваючы палон, Міхаіл расказвае, што ў той дзень яго група з трох чалавек атрымала заданне занесці на пазіцыі боепрыпасы. Амаль адразу пасля выхаду яны трапілі пад агонь.

«Мы толькі выйшлі, і сувязь прапала. (…) Ішлі ўсляпую. (…) Над намі штук дзесяць дронаў украінскіх лётала. Нас ужо кантралявалі, як толькі мы выйшлі. Бо ў кожнай пазіцыі ўкраінцаў ёсць нашы рацыі. Ва ўсіх. То-бок яны (расійскія байцы — НН) дзесьці штурмуюць нешта, іх забіваюць, а рацыі забіраюць сабе. Яны праслухоўваюць усю інфармацыю.

Потым, як успамінае Міхаіл, над імі з'явіўся цяжкі ўкраінскі беспілотнік «Баба Яга». Ён скінуў міну, якая разарвалася недалёка ад іх.

«Нас раскідала. Мяне ў сцяну, руку зламаў. Два маіх таварышы — адразу «двухсотыя». Мне пашанцавала, што ў сцяну выкруціла», — распавядае мужчына.

Знаходзячыся ў палоне, Шалгун раіць тым, хто думае падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі, ні ў якім разе гэтага не рабіць. Пры гэтым згадвае, што яшчэ падчас працы ў Расіі адгаворваў двух сваіх калег, якія таксама хацелі пайсці на вайну. У выніку ж кантракт падпісаў сам.

«Калі б можна было вярнуцца ў той дзень — я б не падпісаў», — заўважае Шалгун.

Чытайце таксама:

Палонны жыхар Бабруйска расказаў, як пасля п'янкі са знаёмымі ў саўне паехаў ваяваць за Расію за кампанію з імі

Іван з Ваўкавыска пайшоў на вайну, каб не сядзець у расійскай турме. Ён не думаў, што «там проста жах»

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну

Каментары да артыкула