Іван з Ваўкавыска пайшоў на вайну, каб не сядзець у расійскай турме. Ён не думаў, што «там проста жах»
Іван Аненкаў працаваў электрыкам у Расіі, пасля бойкі апынуўся ў калоніі. Каб атрымаць датэрміновае вызваленне і пазбегнуць дэпартацыі на радзіму, ён падпісаў кантракт з Мінабароны Расіі. Ад падпісання кантракта да палону прайшло крыху больш за тры з паловай месяцы. Сваю гісторыю ён распавёў Belpol.

Іван Аненкаў выехаў з Беларусі яшчэ ў 2012 годзе. Ён пасяліўся ў горадзе Балашыха пад Масквой, дзе ажаніўся і працаваў электрыкам. У Беларусі ў яго засталіся маці і сястра.
Яго жыццё змянілася пасля вулічнага канфлікту. За нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў падчас бойкі мужчына быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Знаходзячыся ў расійскай турме, ён атрымаў прапанову падпісаць кантракт для ўдзелу ў вайне. Асноўнымі стымуламі, як даводзіць Іван, сталі абяцанне свабоды і магчымасць застацца ў Расіі, бо паводле закона, пасля адбыцця пакарання яго павінны былі дэпартаваць у Беларусь як замежнага грамадзяніна з судзімасцю.
«Прыязджалі прадстаўнікі розных ваенкаматаў — з Маскоўскай вобласці, з Яраслаўля. Іх было вельмі шмат. (…) Абяцалі зняцце судзімасці і расійскае грамадзянства», — згадвае беларус.
Акрамя волі, была і фінансавая матывацыя — па кантракце яму выплацілі 700 тысяч расійскіх рублёў — гэта амаль 10 тысяч даляраў. Пры гэтым вярбоўшчыкі запэўнівалі, што асуджаных не будуць адпраўляць непасрэдна ў бой.
«Я не думаў, што на СВА так усё жорстка. Казалі, што вы не будзеце на першых лініях, будзеце недзе ў абслугоўванні. Маўляў, вы асуджаныя, вам зброі ў рукі не дадуць», — распавядае мужчына.
Прыкладна 20 дзён Іван праходзіў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў спецыяльным падраздзяленні, укамплектаваным з асуджаных. Па яго словах, сярод іх было шмат мігрантаў — узбекаў і таджыкаў. Сярод іх было і пяць-шэсць беларусаў.
Пасля кароткай падрыхтоўкі яго адправілі на першую лінію Ліманскага кірунку фронту. Паводле слоў мужчыны, разам з ім служылі яшчэ двое беларусаў (імёнаў ён не ведае, толькі пазыўныя). Адзін з іх дакладна загінуў, другі знік без вестак.
Па словах мужчыны, кантракт ён заключыў 7 жніўня, а ў палон трапіў 26 лістапада. Год ён не называе, але мабыць то быў 2025-ы. Увесь гэты час яго тры разы накіроўвалі на баявыя заданні.
«У асноўным былі «закрэпы». То-бок нас адпраўлялі на пазіцыю, мы павінны былі замацавацца і сядзець, чакаць, паведамляць па рацыі, што робіцца вакол», — расказвае Іван і сцвярджае, што сам непасрэдна нікога не забіў.
«Першы раз, калі я пайшоў на заданне, то неяк не ўспрымаў гэта ўсур'ёз. То-бок не было нейкага страху спачатку. А потым, калі ўжо атрымаў раненне, трапіў у шпіталь, вярнуўся другі раз, трэці, я ўжо разумеў, што там робіцца проста жах. То-бок ты ваюеш супраць дронаў. Ты ідзеш, не бачыш праціўніка, цябе проста знішчаюць», — дзеліцца ўражаннямі наёмнік.
Пра абставіны палону мужчына не расказвае, заўважаючы, што яму пашанцавала застацца жывым, «таму што шанцаў выжыць вельмі мала».
Іван расказвае, што даведваўся пра магчымую крымінальную адказнасць у Беларусі за наёмніцтва, званіў знаёмым, якія «хадзілі ў ваенкамат, РАУС».
«Хадзілі, даведваліся. Кажуць, што нічога табе не будзе. Калі ты б ваяваў за ўкраінцаў, то цябе б асудзілі. А раз ты ваюеш за Расію, нічога не будзе», — расказвае мужчына.
Цяпер, знаходзячыся ў палоне, мужчына заклікае суайчыннікаў не верыць абяцанням вярбоўшчыкаў:
«Падумайце тысячу разоў, перш чым падпісаць кантракт. Паглядзіце, што тут адбываецца. Гэта не цацкі, тут вайна і тут забіваюць. І мала шанцаў выжыць».
Каментары