У сацсетках паведамілі пра смерць акцёра народнага тэатра, былога актывіста Таварыства беларускай мовы і Беларускага Народнага Фронту, сябра клуба «Спадчына» Івана Антанюка. Яму было 96 гадоў.

Іван Антанюк нарадзіўся 3 студзеня 1930 года ў вёсцы Чэрні Брэсцкага раёна ў сям'і селяніна-хутараніна.
У 1953 годзе скончыў Тамбоўскае авіяцыйнае радыётэхнічнае вучылішча. Пасля быў інструктарам практычнага навучання гэтага вучылішча, служыў у войсках супрацьпаветранай абароны. Дэмабілізаваўся ў 1977 годзе ў званні маёра.
Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Мінск і працаваў на заводзе вылічальнай тэхнікі. Аначасова скончыў акцёрскую студыю і атрымаў званне «Артыст народнага тэатра». Працаваў у Народным тэатры «На Доўгім Бродзе» (на базе Палаца культуры трактарнага завода). Сыграў больш за 30 роляў, быў лаўрэатам саюзных, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў народных тэатраў.
З канца 1980‑х быў актыўным удзельнік беларускага нацыянальнага Адраджэння. Быў сябрам Беларускага Народнага Фронту, Таварыства беларускай школы і Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны, клуба «Спадчына». З'яўляўся сакратаром Кастрычніцкай суполкі ТБМ горада Мінска. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
Удзельнічаў у справе адраджэння ў Беларусі Грэка-каталіцкай царквы, быў старшынёй царкоўнай рады парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі з першых дзён яе існавання. За ўнёсак у духоўнае адраджэнне меў узнагароды ад царкоўных уладаў і каштоўны падарунак ад імя Папы Яна Паўла II.
Паніхіда па Іване Антанюку пройдзе ў сераду, 1 ліпеня, па адрасе Снежны завулак, 7.
Каментары