Грамадства99

У Расіі памёр праваслаўны манах, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання

Праваслаўны дзеяч Аляксандр Шрамко ў фэйсбуку звярнуў увагу на тое, што 7 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу памёр праваслаўны манах-архімандрыт Віталій (мірское імя Віктар Радамысльскі), які ў свой час крыху паўдзельнічаў у палітычным жыцці падчас станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Яму было 73 гады.

Архімандрыт Віталій (Віктар Радамысльскі)

Архімандрыт Віталій, у свецкім жыцці Віктар Аляксандравіч Радамысльскі, нарадзіўся 13 красавіка 1953 года ў Ленінградзе. Раннія гады яго жыцця былі няпростымі: першыя пяць гадоў ён выхоўваўся ў дзіцячым доме.

У 1974 годзе ён скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінематаграфіі, атрымаўшы прафесію акцёра драматычнага тэатра і кіно. Пазней яго жыццё звязалася з Праваслаўнай царквой. У 1978 годзе ён стаў паслушнікам і чытцом у Свята-Лазараўскай царкве ў Волагдзе, а ў 1979—1980 гадах працаваў сакратаром вядомага расійскага пісьменніка Дзмітрыя Балашова.

27 верасня 1981 года мітрапаліт Філарэт рукапалажыў Віктара Радамысльскага ў дыяканы ў Свята-Духавым саборы ў Мінску. Неўзабаве ён атрымаў сан святара і быў прызначаны настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Там яму ўдалося праз суд абараніць царкоўны дом ад канфіскацыі.

З 1986 года Радамысльскі служыў у храме ў Віцебскай вобласці, а ў 1986—1988 гадах знаходзіўся ў царкоўнай камандзіроўцы ў Аўстраліі. У 1988 годзе ён зняўся ў дакументальнай стужцы «Боль», прысвечанай лёсу вайскоўцаў-афганцаў.

У 1990 годзе Віктар Радамысльскі стаў першым праваслаўным святаром, абраным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР за ўвесь савецкі перыяд. У парламенце ён працаваў у камісіях, якія займаліся праблемамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама расследаваннем выпадкаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах. У жніўні 1991 года ён удзельнічаў у мітынгу ў Мінску супраць путчу ГКЧП.

28 сакавіка 1991 года ён прыняў манаскі пострыг з імем Віталій. У перыяд прэзідэнцкіх выбараў 1994 года падтрымаў Вячаслава Кебіча і выступаў супраць кандыдата ад БНФ Зянона Пазняка.

Аляксандр Шрамко так успамінае пра дзейнасць Віктара Радамысльскага (манаха Віталія) ў тыя часы:

«Цяпер мала каму з беларусаў штосьці гаворыць гэтае імя. Між тым ён быў адной з найбольш незвычайных і ключавых палітычных фігур у працэсе станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы ў пачатку 90-х. І, як ні дзіўна, нягледзячы на прыналежнасць да кліру РПЦ, адзін з самых заўважных прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў лёсавызначальным Вярхоўным Савеце XII склікання.

Людзі старэйшага ўзросту павінны памятаць гэтага незвычайнага прамоўцу на апазіцыйных мітынгах: у падрасніку і са скуфіяй, якую падчас эмацыйнага выступу нярэдка заціскаў у руцэ, накшталт таго, як Ленін кепку. Гэта быў адзін з найлепшых прамоўцаў апазіцыі, гаварыў ён пісьменна, пераканана і нават, можна сказаць, жарсна. Ён не быў нацыяналістам, яго дамінантай былі антыкамунізм і дэмакратызм.

Склад Вярхоўнага Савета XII-га склікання ( 1990‑1995 гады), нягледзячы на яго абранне яшчэ пры СССР і ўладзе КПСС, адрозніваўся найбольшай палітычнай разнастайнасцю і ўвайшоў у гісторыю краіны як апафеоз дэмакратыі, пасля задушанай рэжымам Лукашэнкі. Акрамя Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце гэты Вярхоўны Савет прыняў таксама ў якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Паколькі тады яшчэ ў РПЦ не існавала патрабавання аб няўдзеле клірыкаў у выбарных органах улады, XII скліканне Вярхоўнага Савета аказалася ўнікальным і тым, што сярод яго дэпутатаў было тры святары Беларускай праваслаўнай царквы: мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі з Баранавіч і святар Віктар (пасля з прыняццем манаства Віталій) Радамысльскі з Оршы. Пры гэтым яны знаходзіліся на розных, нават самых процілеглых флангах палітычнага спектра гэтага сходу. Протаіерэй Дзічкоўскі цалкам ішоў у рэчышчы кіруючай урадавай большасці, святар Радамысльскі быў блізкі да фракцыі БНФ. А недзе пасярэдзіне — мітрапаліт Філарэт. Але ўсе яны ўвайшлі в гісторыю як «бацькі незалежнасці».

І нікога не здзіўляла ў гэтыя слаўныя часы палітычная актыўнасць святароў і крайні разброд іх палітычнай арыентацыі. Я сам быў сведкам, як у перапынку паміж пасяджэннямі мітрапаліт Філарэт і айцец Віталій Радамысльскі разам прыязджалі на абед у епархіяльнае ўпраўленне.

Лідар апазіцыі Зянон Пазняк, як казалі, душы не чуў у гэтым бацюшку-дэпутаце. Часта яны разам адзін за адным выступалі на мітынгах. Вось толькі фінал гэтай палітычнай кар'еры аказаўся нечаканым і нават для многіх шакавальным — раптам у крытычны момант перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ён выступіў на тэлебачанні ў падтрымку Кебіча, кандыдата ад наменклатурнай улады».

У 1998 годзе Віталій атрымаў сан ігумена, а ў 2001 годзе быў узнагароджаны правам насіць крыж з упрыгожаннямі. Некаторы час ён служыў у мінскім храме святой Марыі Магдаліны.

З 2011 года архімандрыт Віталій стаў духоўнікам Свята-Троіцкай Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу, а ў 2012 годзе быў узведзены ў вышэйшы манаскі сан — архімандрыта.

Аляксандр Шрамко піша і пра гэты перыяд ягонай біяграфіі:

«Пасля выбараў айцец Віталій рэзка знік з палітычнага поля. Падобна, што проста згубіў сябе ў гэтым плане: і з апазіцыяй парваў, і стаўка на Кебіча не згуляла.

Потым служыў некаторы час у царкве Марыі Магдаліны ў Мінску, і ўжо тады сталі даходзіць звесткі пра яго нейкі неверагодны светапоглядны пераварот літаральна на 180 градусаў: з дэмакрата беларускай нацыянальнай скіраванасці ён ператварыўся ў самага крайняга манархіста расійскага імперска-шавіністычнага толку. Чаму так адбылося, гэта загадка. Штосьці, відаць, у яго зламалася ў душы пасля гэтых выбараў.

Пасля айцец Віталій перабраўся ў Расію, у Санкт-Пецярбург, адкуль ён і родам, дзе круціўся ў Лаўры, скончыўшы жыццё яе духоўнікам. Зараз у сувязі з ягоным сконам паглядзеў, што там за пропаведзі былі ў яго. Падобна, ужо цалкам пазбаўленыя палітычнага характару, усё такое глыбока-духоўнае ў старэцкім стылі».

Каментары9

  • Стары Дзед
    13.06.2026
    Тэндэнцыя, ніяк яго дзеянні не выгладалі на агентурныя. Добра яго памятаю.
  • Really
    13.06.2026
    Тэндэнцыя, перыяд прэзідэнцкіх выбараў 1994 года падтрымаў Вячаслава Кебіча і выступаў супраць кандыдата ад БНФ Зянона Пазняка.
    Потым стаў расейскім манархістам-шавяністам, рускамірцам.
    А вам ўсюды Пазняк бачыцца.
    А насам рэч ўсе ненавіснікі беларушчыны і любіцялі мацквы маюць адзін дзевіз: абы хто толькі не Пазняк.
    Перакладаючы: абы хто толькі не нацыянальна арыентаваныя сілы.
    Звычайны дзевіз ў манкуртаў, саўкоў, любцялей Масковіі, вялікага пуцкага і гендарных грандапілаў.
  • Тэндэнцыя
    13.06.2026
    Really , Дык вы ўсе цытуйце, а не толькі то, што вам выгадна.
    "Лідар апазіцыі Зянон Пазняк, як казалі, душы не чуў у гэтым бацюшку-дэпутаце. Часта яны разам адзін за адным выступалі на мітынгах."
    Калі Пазняк паўсюль крычыць пра агентаў і імперцаў, хай спачатку на сваё атачэнне паглядзіць.

Цяпер чытаюць

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне3

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Былы ратавальнік МНС стаў фермерам і вырошчвае буякі4

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў1

Выхавацеля вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра асудзілі за замах на здраду дзяржаве3

«Тэлефануй бацьку, у мяне ўжо нерваў не хапае». Як абітурыенты штурмавалі ВНУ ў апошнія гадзіны прыёмнай кампаніі3

Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны9

Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?3

Як нам па-беларуску перадаваць паняцце wellness?30

ФІФА выключыла магчымасць пераносу фіналу чэмпіянату свету з-за лясных пажараў у Канадзе

Сямёра супрацоўнікаў склада Wildberries у Тамбоўскай вобласці загінулі ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне3

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць