«У камеры па адчуваннях градусаў 40. Туалета няма, стаіць вядро, якое ў такую спёку проста фаніць як графітавы стрыжань на ЧАЭС».

У бліжэйшыя дні Беларусь накрые анамальная спёка, і горш за ўсё — людзям у зняволенні, піша блогер і былы палітвязень Ігар Лосік.
«Год таму ў гэтыя дні я знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Умовы ў камерах «амерыканкі» ў спёку вам проста не перадаць. «Душагубка» — гэта яшчэ мякка сказана. У чатырохмеснай камеры нас было сямёра. На вуліцу адчынена толькі невялікая фортка. У калідор адтуліна для вентыляцыі закладзена. У камеры па адчуваннях градусаў 40. Туалета няма, стаіць вядро, якое ў такую спёку проста фаніць як графітавы стрыжань на ЧАЭС», — згадвае ў фэйсбуку Лосік.
«У нашай першай камеры вада з крана амаль не цячэ. Але нават калі і цячэ, то стараешся часта кранам не карыстацца, таму што пачынаюць цячы сцены. Кіпяцільнікам для гарбаты мы проста перасталі карыстацца, бо ўключыш адзін раз — на падлозе лужыны ад кандэнсату. Ды і памыцца, як на іншых СІЗА, хоць бы над туалетам немагчыма — туалета няма.
Людзі непрытомнеюць, пачынаюцца праблемы з сэрцам. З-за гэтай сітуацыі адміністрацыя дазволіла ставіць у камеры вентылятар, які не сказаць каб моцна мяняў сітуацыю. Проста ганяе ў радыусе метра гарачае паветра і ўсё. Ты больш спадзяешся, што дазволяць яго пакідаць уключаным на ноч, але раптам прыходзіць загад — на ноч разеткі выключаць з-за пажарнай бяспекі. Спаць абсалютна немагчыма, прасціна ліпне да цела, усё цячэ, усё смярдзіць, усе стогнуць. Сапраўдны рассаднік туберкулёзу. Такая сітуацыя ў камеры пачынаецца прыкладна калі тэмпература на вуліцы градусаў 22 і вышэй. Я не ўяўляю, што там будзе адбывацца пры +35, якія будуць днямі».
Каментары
за это всё "курощуп" ПРОСТО ОБЯЗАН ОТВЕТИТЬ И НА СВОЕЙ "ШКУРЕ"