Яшчэ некалькі гадоў таму дроны былі зброяй спецыяльных падраздзяленняў. Цяпер Паўднёвая Карэя хоча ператварыць іх ва ўніверсальны інструмент для ўсёй арміі. На такое рашэнне паўплывалі не толькі досвед вайны ва Украіне, але і скарачэнне колькасці вайскоўцаў праз дэмаграфічны спад.

Паўднёвая Карэя абвясціла маштабную праграму пераўзбраення арміі. Як паведамляе The Wall Street Journal, на працягу трох гадоў войска атрымае каля 60 тысяч беспілотнікаў, а ў перспектыве кіраваць імі навучаць усіх вайскоўцаў.
Міністр абароны Ан Гю Бэк (Ahn Gyu-back) назваў дроны «фактарам, які змяняе правілы вядзення вайны». Паводле яго слоў, досвед баявых дзеянняў ва Украіне і на Блізкім Усходзе паказаў, што беспілотнікі павінны стаць такім жа звычайным элементам узбраення, як стралковая зброя.
Па словах міністра, новыя дроны атрымаюць усе віды ўзброеных сіл — сухапутныя войскі, флот, вайскова-паветраныя сілы і марская пяхота.
Адной з галоўных прычын такой рэформы ў Сеуле называюць дзеянні Паўночнай Карэі. Па звестках паўднёвакарэйскіх уладаў, Пхеньян не толькі атрымаў ад Расіі тэхналогіі вытворчасці беспілотнікаў, але і набывае практычны досвед іх выкарыстання дзякуючы ўдзелу сваіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны. Украінская разведка паведамляла, што паўночнакарэйскія падраздзяленні ўжо асвоілі разведвальныя дроны, а Кім Чэн Ын распарадзіўся разгарнуць масавую вытворчасць дронаў-камікадзэ.
У адказ паўднёвакарэйская армія плануе ўзяць на ўзбраенне дальнабойныя дроны-камікадзэ, падобныя да тых, што ўжо выкарыстоўваюцца Украінай і Іранам. Да 2030 года яна таксама разлічвае закупіць каля 20 тысяч недарагіх аднаразовых баявых беспілотнікаў.
Пры гэтым Сеул разлічвае максімальна абапірацца на айчынных вытворцаў. Улады хочуць, каб асноўныя камплектуючыя для беспілотнікаў вырабляліся ў самой Паўднёвай Карэі, што дазволіць пазбегнуць залежнасці ад паставак з Кітая.
Яшчэ адной прычынай значнай увагі да беспілотнікаў стаў дэмаграфічны спад. За апошнія шэсць гадоў колькасць дзейных вайскоўцаў у краіне скарацілася прыкладна на 20% — да каля 450 тысяч чалавек. Улады разлічваюць, што шырокае выкарыстанне беспілотных сістэм дапаможа кампенсаваць недахоп асабовага складу.
Былому прэзідэнту Паўднёвай Карэі далі 30 гадоў зняволення за правакацыю супраць КНДР
Уварванне Расіі ва Украіну стала залатой жылай не толькі для Беларусі, але і для Паўночнай Карэі. Вось на чым яны нажываюцца
На паўднёвакарэйскім тэлебачанні пажартавалі пра магчымы шлюб Мікалая Лукашэнкі і дачкі Кім Чэн Ына
Кім Чэн Ын пасылае войскі на мяжу з Паўднёвай Карэяй
Каментары