Што за Беларуская вызвольная армія, чый знак заўважылі ў звароце Зяленскага з ультыматумам да Лукашэнкі?
Нядаўні відэазварот прэзідэнта Украіны з патрабаваннем дэмантаваць расійскія рэтранслятары на беларускай мяжы прыцягнуў увагу не толькі жорсткай рыторыкай. За спінай украінскага лідара ўважлівыя гледачы заўважылі эмблему Беларускай вызвольнай арміі (БВА) — вайскова-палітычнай ініцыятывы, якая пакуль праявіла сябе толькі сімвалічна. Расказваем, што гэта за структура, хто за ёй стаіць і якія амбіцыйныя мэты яна дэкларуе ў сваім статуце.

На мінулым тыдні Уладзімір Зяленскі выставіў прамы ўльтыматум Аляксандру Лукашэнку. Як мы пісалі раней, Кіеў запатрабаваў цягам тыдня дэмантаваць у Гомельскай і Брэсцкай абласцях абсталяванне на мачтах сувязі, якое дазваляе расійскай арміі кіраваць дронамі-камікадзэ ўглыб украінскай тэрыторыі. У выпадку адмовы ўкраінскі прэзідэнт паабяцаў, што Украіна знішчыць гэтыя рэтранслятары самастойна.
Аднак, акрамя беспрэцэдэнтна жорсткага тону, у звароце заўважылі адну цікавую візуальную дэталь. Палітык Павел Севярынец звярнуў увагу на стэнд з шаўронамі вайсковых падраздзяленняў, які стаяў у кабінеце за спінай Зяленскага. Сярод дзясяткаў эмблем там выразна бачны знак Беларускай вызвольнай арміі (БВА).
«Выпадковасць? Не думаю», — пракаментаваў гэты факт Севярынец.

З'яўленне сімволікі БВА ў кабінеце ўкраінскага прэзідэнта сапраўды інтрыгуе, улічваючы, што ў шырокай інфармацыйнай прасторы пра гэтую структуру пакуль вядома няшмат. Створаная як грамадска-палітычная арганізацыя з мілітарным складнікам, яна прэтэндуе на ролю аб'яднаўчай сілы для беларускіх добраахвотнікаў.
Вызваленне Беларусі, НАТА і мары пра Інтэрмарыум
Мяркуючы па апублікаваных праграмных дакументах, Беларуская вызвольная армія пазіцыянуе сябе не проста як вайсковае падраздзяленне, а як шырокую грамадска-палітычную арганізацыю з мілітарным складнікам. Яна прэтэндуе на аб'яднанне разнастайных патрыятычных сілаў: ад удзельнікаў баявых і парамілітарных фармаванняў да грамадзянскіх арганізацый.

Галоўнай мэтай ініцыятывы дэкларуецца вызваленне Беларусі ад «гібрыднай акупацыі» і звяржэнне калабарацыянісцкага рэжыму.
Аднак асобная ўвага ў статуце звяртаецца на геапалітычны вектар. БВА ставіць стратэгічную задачу далучэння Беларусі да Еўрасаюза і выступае за цеснае супрацоўніцтва з НАТА. Арганізацыя заяўляе пра намер фармаваць войска выключна паводле стандартаў Паўночнаатлантычнага альянсу і ўдзельнічаць у сумесных вучэннях.
Сярод замежнапалітычных прыярытэтаў таксама вылучаецца развіццё рэгіянальнага саюза — Інтэрмарыума (Міжмор'я) краін Балта-Чарнаморскага рэгіёна.

Мандат ад Рады БНР і лічбавыя токены
Стваральнікі БВА тлумачаць сваю легітымнасць і права на вызваленне краіны шэрагам дакументаў. Сярод іх — Дэкларацыя аб стварэнні Часовай вайсковай камісіі (ЧВК), выканаўчага органа, які і фармуе БВА. Як сцвярджаюць прадстаўнікі ініцыятывы, гэты дакумент падпісалі прадстаўнікі розных мілітарных і парамілітарных арганізацый, у тым ліку тагачаснае камандаванне Палка Каліноўскага.

У лютым 2024 года старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла афіцыйным лістом благаславіла харугву БВА на «змаганне за свабоду і вызваленне ад спробаў расійскага агрэсара заняволіць еўрапейскія народы».

Ёсць у арміі і ўласнае палітычнае крыло — рух «Воля» пад кіраўніцтвам Мікіты Забугі. Гэты рух прайшоў рэгістрацыю, прыняў удзел у нядаўніх выбарах і ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады, адкрыта дэкларуючы сваёй палітычнай задачай усялякае развіццё і падтрымку БВА.

Што да ўнутранай структуры, то непасрэднае кіраванне арміяй ажыццяўляе згаданая вышэй Часовая вайсковая камісія (ЧВК). Паведамляецца, што ў яе склад уваходзяць не толькі камандзіры беларускіх баявых фармаванняў і прадстаўнікі прыватных вайсковых кампаній (ПВК), але і цывільныя асобы, якія маюць досвед працы ў дзяржаўных органах і вайсковым будаўніцтве.
Сама структура БВА выбудаваная з трох асноўных элементаў. Першы — гэта баявы актыў: групы і падраздзяленні, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны або ў іншых «зонах дзеянняў».
Другі элемент уключае вайсковы рэзерв — службоўцаў, якія праходзяць навучанне ці спецыяльную падрыхтоўку за мяжой.
Трэцяя і самая закрытая частка — гэта палітычныя і грамадзянскія аб'яднанні, а таксама падпольныя арганізацыі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі, якія выконваюць ролю ўнутранага рэзерву.

Пытанне фінансавання вырашаецца праз класічны збор ахвяраванняў, аднак арганізатары прапануюць і сучасны тэхналагічны падыход.
БВА плануе забяспечваць вайсковае будаўніцтва праз выпуск уласных лічбавых бондаў (токенаў).
Кармазынавы колер і жэст «Малая Пагоня»
Стваральнікі БВА распрацавалі ўласную сістэму візуальнай ідэнтыфікацыі, абапіраючыся на беларускую гісторыю. Галоўнай эмблемай арміі абраная васьміканцовая зорка, якая адсылае да сфрагістыкі полацкіх князёў ХІІ стагоддзя. У цэнтры зоркі змешчаны шчыт кармазынавага (цёмна-чырвонага) колеру. Гэтае адценне, на думку аўтараў, асацыюецца з антырасійскімі паўстаннямі XVIII—XIX стагоддзяў. На шчыце адлюстраваны шасціканцовы крыж, які выкарыстоўваўся Усяславам Полацкім, Еўфрасінняй Полацкай і на геральдыцы Вялікага Княства Літоўскага (Святы Крыж).

Асобнай адметнасцю ініцыятывы стала ўвядзенне ўласнага воінскага вітання. Замест традыцыйнага прыкладання рукі да галаўнога ўбору службоўцы БВА выкарыстоўваюць жэст пад назвай «Малая Пагоня».
Ён уяўляе сабой прыцісканне да сэрца рукі, сагнутай у локці, з пальцамі, сціснутымі ў кулак. Гэты жэст павінен сімвалізаваць вернасць і адданасць радзіме. Афіцыйным дэвізам і баявым клічам арміі абраны вокліч «Час вяртаць Беларусь!», а таксама класічнае вітанне «Жыве Беларусь! — Жыве вечна!».

Форма без савецкіх зорачак і кармазынавы берэт
Вайсковая атрыбутыка БВА таксама дэманструе прынцыповы адыход ад савецкіх традыцый. Армія распрацавала ўласную парадна-выхадную і штодзённую ўніформу, асноўным колерам якой абраны шэры. У якасці галаўнога ўбору выкарыстоўваецца шэры берэт з круглай кукардай. Цікава, што ў адрозненне ад беларускай афіцыйнай арміі, дзе крапавы (цёмна-чырвоны) берэт з'яўляецца знакам прыналежнасці да спецназа, БВА выкарыстоўвае кармазынавы берэт як прыкмету тых, хто ваюе ва Украіне і мае бявыя ўзнагароды. Насіць яго за заслугі мае права любы службовец арміі незалежна ад роду войскаў ці падраздзялення.


Яшчэ больш радыкальныя змены закранулі сістэму вайсковых званняў. БВА цалкам адмовілася ад традыцыйнай савецкай сістэмы прамых ліній і пяціканцовых зорачак на пагонах. Замест гэтага іерархія будуецца паводле стандартаў НАТА і традыцый беларускага гістарычнага войска.
На пагонах малодшага каманднага складу (ад капрала да старшага сяржанта) выкарыстоўваюцца галунныя нашыўкі ў выглядзе кутоў. Для унтэр-афіцэрскага складу (харужыя) уведзеныя васьміканцовыя зоркі, а для афіцэраў — зорачкі і герб «Пагоня» ўзору 1991 года ў спалучэнні з дубовым лісцем для генералітэту.
Званні таксама набліжаныя да гістарычных еўрапейскіх аналагаў: тут няма лейтэнантаў, затое ёсць падпаручнікі, паручнікі, ротмістры і маёры.


Скандальны выхад у свет: пагоны падпалкоўніка і медаль ад Ціханоўскай
Менавіта сістэма званняў БВА стала прычынай гучнага скандалу, калі віртуальная структура сутыкнулася з рэальнай вайсковай супольнасцю. Выхад БВА ў публічную прастору адбыўся ў маі 2026 года падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў. На афіцыйнай сустрэчы лідарка дэмсілаў уручала медалі беларускім добраахвотнікам і валанцёрам.
Адным з узнагароджаных медалём «Гонар і годнасць» стаў Мікіта Забуга. У мінулым інспектар ДАІ і бізнэсмен з Літвы, пасля 2020 года ён узначаліў Геральдычную раду (якая і распрацоўвала дызайн пашпарта Новай Беларусі і нацыянальных узнагарод), а вясной 2025 года далучыўся да Палка Каліноўскага ў якасці спецыяліста па забеспячэнні БПЛА.

На цырымонію ў Кіеве Забуга прыйшоў у шэрай форме Беларускай вызвольнай арміі, а на ягоных пагонах былі дзве васьміканцовыя зоркі — знак звання падпалкоўніка.
Гэта выклікала хвалю абурэння сярод ветэранаў вайны ва Украіне. Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць з 2022 года і ведаюць, як цяжка замежнікам ва УСУ атрымаць высокае афіцэрскае званне, не зразумелі, адкуль у Забугі пагоны падпалкоўніка праз год пасля прыезду на фронт.
Востра выказалася з гэтай нагоды валанцёрка «Байсола» ва Украіне Марыя Анімія: «Няўжо чалавек, які правёў на кантракце 6 месяцаў і прыдумаў сабе армію, варты ўвагі больш, чым тыя, хто працаваў у полі, хто атрымліваў раненні і вяртаўся ў строй? Мікіта Забуга ў форме неіснуючай арміі і пагонах падпалкоўніка (якой структуры і краіны?) атрымліваў медаль як добраахвотнік Палка Каліноўскага».
Сам Мікіта Забуга ў каментары «Нашай Ніве» патлумачыў сітуацыю асаблівасцямі статута БВА. Паводле яго слоў, асобы, залічаныя ў арганізацыю, атрымліваюць званні ў адпаведнасці са сваім мінулым досведам.
«Я скончыў Акадэмію МУС, і маё афіцэрскае званне ўлічана ў БВА. Ва УСУ я разлічваю на больш сціплы афіцэрскі ранг. Мы якраз і прасоўваем ідэю прызнання рангаў БВА пасля атрымання пасады ў войску Украіны», — заявіў ён, прывёўшы ў прыклад войска генерала Булак-Балаховіча, якое таксама стваралася і раздавала званні без дазволу звонку.
Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета тады паспрабавалі згладзіць канфлікт, патлумачыўшы, што з-за адсутнасці паўнавартаснай камісіі па ўзнагародах спісы фармаваліся па спрошчанай працэдуры пасля кансультацый з камандзірамі падраздзяленняў. Аднак асадак у добраахвотніцкім асяроддзі застаўся.

Свая сістэма ўзнагарод і амбіцыі на будучыню
Той факт, што кіраўнік Геральдычнай рады стаіць ля вытокаў БВА, тлумачыць, чаму ў гэтай структуры настолькі дэталёва прапрацаваная ўласная сістэма адзнак. Яна складаецца з трох узроўняў: ніжэйшы — медалі, сярэдні — крыжы, вышэйшы — ордэны. Узнагароды падзяляюцца на вайсковыя і цывільныя.
Вышэйшай нацыянальнай узнагародай БВА называе Ордэн Герояў. Сярод іншых адзнак прадугледжаны Крыж Змагання Тадэвуша Касцюшкі, Партызанскі Народны крыж, Крыж Ахвярнасці Эміліі Плятэр, а таксама медалі за адвагу і за дапамогу беларускаму войску.
БВА прызнае нацыянальную сістэму ўзнагародаў, у тым ліку ўзнагароды БНР і АПК.


Што тычыцца кадравага патэнцыялу на найвышэйшым узроўні, то генералаў у БВА пакуль няма. Статут арганізацыі прама адзначае, што гэта пытанне часу і адпаведных арганізацыйных захадаў. Каб атрымаць генеральскі ранг, службовец павінен мець вайсковую акадэмічную адукацыю і прайсці адпаведныя навучальныя праграмы ў краінах блока НАТА.
Асобна ў дакуменце прапісана роля жанчын. Падкрэсліваецца, што ў БВА няма палавой сегрэгацыі — жанчыны могуць займаць любыя пасады, у тым ліку ў вайсковай арганізацыі, калі маюць адпаведную рэпутацыю і прафесійныя навыкі.
Свае планы пасля гіпатэтычнай змены ўлады БВА акрэслівае адназначна: арганізацыя плануе стаць асновай для стварэння новага беларускага войска і сілаў аховы правапарадку.
Як мы пісалі раней, вясной гэтага года на пасяджэнні Каардынацыйнай рады прадстаўнік БВА Мікіта Забуга ўжо заклікаў да стварэння міжнародных міратворчых сілаў на тэрыторыі Еўрасаюза з удзелам беларускіх добраахвотнікаў. Ён праводзіў гістарычныя паралелі з польскай «Блакітнай арміяй» Галера і «Арміяй Андэрса», якія фармаваліся на чужой тэрыторыі менавіта для будучага вызвалення і абароны сваёй краіны.
Ці сапраўды гэта быў сігнал ад Зяленскага?
Вяртаючыся да відэазвароту Уладзіміра Зяленскага і шаўрона БВА на заднім фоне, варта адзначыць, што прыгожая тэорыя пра «таемны знак Лукашэнку» хутчэй сітуатыўны мем, чым рэальнасць.
Як вядома з украінскіх СМІ, дошка з шаўронамі ў кабінеце Зяленскага — гэта не выпадковы дэкор. Гэтыя знакі прэзідэнту Украіны асабіста перадаюць вайскоўцы, валанцёры і сваякі абаронцаў. Яшчэ ў канцы 2025 года на гэтым месцы паміж зялёнымі пілястрамі вісела жывапіснае палатно. Аднак у пачатку 2026‑га яго замянілі на новую дошку для шаўронаў, якая паступова запаўнялася радамі зверху ўніз.
Аналіз папярэдніх відэазваротаў Зяленскага паказвае, што шаўрон БВА з'явіўся на гэтай сцяне прынамсі не пазней за 19 сакавіка 2026 года. На той момант гэты радок быў апошнім (цяпер жа дошка запоўненая да самага нізу). Гэта азначае, што наўпрост звязваць з'яўленне эмблемы менавіта з чэрвеньскім ультыматумам Лукашэнку нельга — знак вісеў там ужо некалькі месяцаў. Але сімвалічныя рэчы, нават выпадковыя, не варта спісваць з рахункаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары