БЕЛ Ł РУС

70‑гадовы пенсіянер выдаў свой першы раман сам. «Тэа з Голдэна» стаў бестсэлерам

5.07.2026 / 08:00

Ідаля Салавей

Гісторыя поспеху Алена Леві, 70‑гадовага былога юрыста і суддзі з Джорджыі, выглядае як выключэнне з усіх правілаў сучаснага кніжнага рынку. Яго дэбютны раман «Тэа з Голдэна», які пачынаўся як сціплы самвыдатаўскі праект, за тры гады ператварыўся ў літаратурны феномен з накладам больш за 2,5 мільёна асобнікаў. Што ў ім такога, расказвае The Wall Street Journal.

Ален Леві. Фота: allenlevi.com

Ален Леві (Allen Levi) да выхаду рамана не быў прафесійным пісьменнікам. За сваё жыццё ён паспеў папрацаваць адвакатам і суддзёй, а таксама займаўся музыкай, выступаючы як аўтар песень. Раман «Тэа з Голдэна» (Theo of Golden) стаў яго дэбютнай мастацкай кнігай.

Гэтая амаль 400‑старонкавая кніга распавядае пра пажылога чалавека, які прыязджае ў выдуманы горад на поўдні ЗША і шмат часу праводзіць на лаўцы ў парку. Аднойчы мужчына звяртае ўвагу на партрэты, якія вісяць у мясцовай кавярні, і ў яго нараджаецца ідэя выкупіць гэтыя партрэты і вярнуць іх тым, хто на іх намаляваны. Кніга шмат увагі надае назіральнасці, размовам паміж людзьмі, дабрыні і асабістым сустрэчам замест зносін у інтэрнэце.

Летам 2022 года Леві папрасіў дапамагчы з выданнем рукапісу сваю пляменніцу Арон Рычы. Жанчына не мела вопыту ў кніжнай сферы, таму пачала вывучаць платформы для самвыдату, сістэмы распаўсюду кніг і сайты вядомых пісьменнікаў, каб зразумець, як прасоўваць раман. Таксама яна цалкам перарабіла асабісты сайт Леві.

11 кастрычніка 2023 года кніга выйшла праз сэрвіс самастойнага выдання на платформе Amazon. Рычы разумела, што сярэдні наклад большасці самвыдатаўскіх кніг складае каля 250 асобнікаў, таму паставіла перад сабой больш сціплую, але рэалістычную мэту — прадаць значна больш.

Ален Леві разам з сваёй пляменніцай Арон. Фота: allenlevi / Instagram

Яна папрасіла дзядзьку скласці спіс людзей, з якімі ён пазнаёміўся за дзесяцігоддзі працы, і разаслала ім электронныя лісты з просьбай расказаць пра кнігу сябрам, кніжным клубам, бібліятэкам, цэрквам (у Амерыцы гэта важныя цэнтры мясцовых супольнасцей) і мясцовым кнігарням.

Адзін з прыхільнікаў прапанаваў набыць і бясплатна раздаць 99 асобнікаў. Пасля гэтага Рычы звязалася з кніжнымі клубамі і прапанавала ім бясплатныя кнігі для чытання. Адгукнуліся каля 70 клубаў.

Яна таксама асабіста адказвала кожнаму чытачу, які пісаў праз сайт Леві, спадзеючыся, што гэтыя людзі пакінуць водгукі на Goodreads або Amazon і парадзяць кнігу іншым.

Да канца 2023 года яны прадалі каля трох тысяч асобнікаў. На працягу наступнага года штодзённыя продажы выраслі прыкладна з 20 да 100 кніг, а агульны наклад да канца 2024 года дасягнуў 25 тысяч.

Але ні Рычы, ні Леві не былі гатовыя да таго, што адбылося далей. Замест паслясвяточнага зацішша продажы «Тэа з Голдэна» ў першай палове 2025 года рэзка ўзляцелі, дасягнуўшы 125 000 асобнікаў. Раман паступова набіраў аўдыторыю праз самы няўлоўны механізм прасоўвання — «сарафаннае радыё».

У маі прадстаўнікі Simon & Schuster прапанавалі набыць правы на аўдыякнігу, аднак Леві і Рычы адмовіліся. На той момант яны не хацелі перадаваць кантроль над праектам, поспех якога стаў для іх нечаканасцю.

Неўзабаве на кнігу звярнула ўвагу літаратурны агент Сюзан Глюк (Suzanne Gluck) з агенцтва WME (William Morris Endeavor), якая прадстаўляе дзясяткі вядомых аўтараў. Пра раман ёй расказала сяброўка — рэдактарка на пенсіі, што прачытала кнігу ў сваім кніжным клубе. Агент была настолькі ўражаная, што напісала Леві «ўсляпую» праз яго вэб-сайт. На той момант «Тэа з Голдэна» ўжо прадаўся накладам больш за 100 тысяч асобнікаў і займаў 38‑е месца ў агульным рэйтынгу Amazon.

Калі ў ліпені праз форму зваротнай сувязі на сайце аўтара прыйшоў ліст ад Сюзан Глюк з тэмай «Ліст ад прыхільніцы з WME», Рычы і Леві зразумелі, што ім патрэбны літаратурны агент. Пасля гэтага Глюк арганізавала аўкцыён паміж выдавецтвамі. Паводле амерыканскіх СМІ, памер прапанаваных авансаў дасягаў сямізначных сум. У выніку правы атрымала Atria — адно з выдавецтваў Simon & Schuster.

Новае выданне выйшла 3 кастрычніка 2025 года, перад калядным сезонам продажаў. У снежні з'явілася аўдыякніга, якую агучыў акцёр Дэвід Морс, вядомы па фільмах «Зялёная міля» і «Скала». Пасля гэтага наклады пачалі расці яшчэ хутчэй.

Паводле рэдакцыйнага дырэктара выдавецтва Atria Кэтрын Нінтцэль (Katherine Nintzel), «Тэа» адрозніваўся ад усяго, што кампанія бачыла на кніжным рынку. На яе думку, кніга пераконвае чытача, што нават простая размова з суседам можа нешта змяніць, і менавіта ў гэтым заключаецца яе галоўны пасыл.

Як адзначае Нінцэль, за 23 гады працы ў кнігавыданні ёй яшчэ не даводзілася бачыць нічога падобнага. Найбліжэйшым прыкладам яна лічыць міжнародны бестсэлер шведскага пісьменніка Фрэдрыка Бакмана «Чалавек па імені Увэ», які таксама выдала Atria. Правы на «Тэа з Голдэна» ўжо прададзеныя ў 42 краіны.

Пасля перавыдання рамана буйным выдавецтвам пра яго пачалі пісаць і гаварыць вядомыя амерыканскія журналісты і кніжныя аглядальнікі. Кнігу выбрала для свайго кніжнага клуба і амерыканская тэлевядучая Кэці Курык. У межах гэтага праекта яна штомесяц абмяркоўвае новую кнігу і бярэ інтэрв'ю ў яе аўтара. «Тэа з Голдэна» стаў выбарам лютага. Паводле слоў тэлевядучай, пра кнігу яна даведалася ад сяброў, якія параілі ўключыць яе ў праект.

Паводле выдавецтва, праз 32 месяцы пасля першай публікацыі «Тэа з Голдэна» па-ранейшаму прадаецца прыкладна па 100 тысяч асобнікаў на тыдзень ва ўсіх фарматах. Амаль праз тры гады пасля выхаду кніга таксама застаецца ў пяцёрцы самых папулярных кніг на Amazon.

У ЗША такіх продажаў многія аўтары дасягаюць толькі пасля ўдзелу ў праектах Опры Ўінфры (Oprah Winfrey), якая лічыцца адной з самых уплывовых папулярызатарак кніг у краіне. У выпадку Леві інтэрв'ю для яе падкасту было запісана яшчэ вясной, але выйдзе толькі пазней гэтым летам.

Цяпер Алан Леві жыве ў сваім маёнтку ў Джорджыі і працуе над працягам гісторыі, якая даказала, што шчыры аповед пра чалавечую дабрыню ўсё яшчэ можа быць запатрабаваны мільёнамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула