На месцы колішняга помніка Леніну ў Кіеве паставяць помнік гетману Мазепу
У Кіеве на месцы былога помніка Леніну плануюць паставіць манумент украінскаму гетману Івану Мазепу. Пра гэта 28 чэрвеня заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы з прамовай да Дня Канстытуцыі на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе раней таксама паставілі бюст Мазепы.
Бюст Івана Мазепы у Кіева-Пячэрскай лаўры. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
Па словах прэзідэнта Украіны, маштаб гэтай гістарычнай постаці заслугоўвае паўнавартаснага помніка ў сталіцы:
«Лічу, што ідэальнае месца для яго існуе… І я ўпэўнены, што там, дзе Ленін упаў, моцна будзе стаяць Мазепа», — заявіў Зяленскі.
Ён адзначыў пры гэтым, што і ў Кіева-Пячэрскай лаўры бюст Мазепы «будзе стаяць па праве», бо той быў яе мецэнатам і фінансаваў развіццё манастыра.
«Стагоддзямі Расія пляміла яго імя, прагнула, каб украінцы глядзелі на сваю гісторыю чужымі вачыма, пераконваючы наш народ, што Мазепа — здраднік. Гэтая хлусня прайграла. Назаўжды. І сёння мы ўшаноўваем свайго выбітнага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча, мецэната, кіраўніка казацкай дзяржавы Івана Мазепу. І важна, што мы робім гэта менавіта тут, у Лаўры, якая пры яго апецы сапраўды расцвіла — храмамі, званіцамі і сваім унікальным украінскім барочным абліччам», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Іван Мазепа — гетман Войска Запарожскага ў 1687‑1709 гадах. У Расійскай Імперыі, СССР і сучаснай Расіі яго традыцыйна лічылі здраднікам пасля таго, як ён у 1708 годзе ўступіў у саюз са шведскім каралём Карлам XII супраць Пятра I.
Пасля паразы ў Палтаўскай бітве 1709 года імя Мазепы было падвергнута анафеме ў Расійскай праваслаўнай царкве і на доўгія стагоддзі стала ў расійскай гістарычнай традыцыі сімвалам здрады.
У той жа час у сучаснай Украіне Мазепу часцей за ўсё разглядаюць як выбітнага дзяржаўнага дзеяча, мецэната на карысць культуры і царквы, сімвал барацьбы за аўтаномію ўкраінскіх земляў.
Помнік яму мае з'явіцца ў цэнтры Кіева — у раёне бульвара Шаўчэнкі, недалёка ад месца, дзе да 2013 года стаяў помнік Леніну, знесены падчас Еўрамайдану.
Чытайце таксама:
Расія ўдарыла па Кіева-Пячэрскай лаўры
Фядута: Булгакаў і Ахматава зразумелі б, чаму ва Украіне зносяць помнікі ім