БЕЛ Ł РУС

Санду: Падчас перамоў Расіі і Украіны павінна быць пастаўлена пытанне аб вывадзе расійскіх войскаў з Прыднястроўя

28.06.2026 / 22:23

Nashaniva.com

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што ў выпадку магчымых перамоў аб завяршэнні вайны ва Украіне Еўрапейскі саюз мог бы таксама паставіць пытанне мірнага вываду расійскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя. Паводле яе слоў, гэтая тэма застаецца адным з прыярытэтаў для Кішынёва ў дыялогу з еўрапейскімі партнёрамі.

Прэзідэнт Малдовы Мая Санду назвала ўдары па цывільнай інфраструктуры ваенным злачынствам Расіі. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

Мая Санду падкрэсліла, што Прыднястроўе з'яўляецца часткай Малдовы, а знаходжанне расійскага вайсковага кантынгенту ў рэгіёне, на яе думку, не мае законных падстаў. Яна адзначыла, што гэтае пытанне рэгулярна ўздымаецца падчас кантактаў з прадстаўнікамі ЕС.

Прыднястроўе фактычна аддзялілася ад Малдовы ў 1990 годзе. Узброены канфлікт паміж бакамі завяршыўся ў 1992 годзе пасля падпісання пагаднення аб спыненні агню, але статус рэгіёна дагэтуль застаецца нявырашаным.

Зараз у Прыднястроўі знаходзіцца каля 1,5 тысячы расійскіх вайскоўцаў. Афіцыйна яны нібыта ўдзельнічаюць у міратворчай аперацыі і кантралююць выкананне рэжыму спынення агню ў адпаведнасці з пагадненнем ад 21 ліпеня 1992 года.

Разам з тым перамовы па ўрэгуляванні вайны ва Украіне застаюцца фактычна прыпыненымі, а Расія і ўлады Прыднястроўя неаднаразова заяўлялі, што не разглядаюць магчымасць вываду расійскага кантынгенту.

Раней сакратар Рады бяспекі Расіі Сяргей Шайгу абвінаваціў Кішынёў у спробах абвастрыць сітуацыю вакол Прыднястроўя і выцесніць расійскія войскі з рэгіёна. У сваю чаргу, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі Віталь Ігнацьеў сцвярджаў, што расійскія міратворцы застануцца ў рэгіёне незалежна ад далейшага лёсу пагаднення аб міратворчай місіі. Крэмль таксама заклікаў малдаўскія ўлады асцярожна выказвацца па гэтай тэме.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы

Лукашэнка заклікаў Малдову «не рэзаць пупавіну» і не губляць ранейшых партнёраў

Пуцін падпісаў указ аб раздачы пашпартоў жыхарам Прыднястроўя

Каментары да артыкула