БЕЛ Ł РУС

Латвія пабудуе каля мяжы з Беларуссю завод па вытворчасці беспілотнікаў

29.06.2026 / 15:41

Nashaniva.com

Латвія сумесна з Украінай плануе пабудаваць завод па вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў у рэгіёне Латгалія, каля ўсходняй мяжы краіны. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс пасля пазачарговага пасяджэння ўрада на вайсковай базе Лузнава.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jens Büttner picture alliance via Getty Images

Паводле слоў латвійскага прэм'ера, праект рэалізуюць у рамках міждзяржаўнага пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы абароны, падпісанага з Украінай у пачатку чэрвеня. Урад Латвіі мае намер паскорыць стварэнне сумеснага прадпрыемства.

Кулбергс адзначыў, што пытанні бяспекі маюць асаблівае значэнне для Латгаліі, якая мяжуе з Беларуссю і Расіяй. Паводле яго слоў, ад узроўню бяспекі залежыць развіццё рэгіёна, у тым ліку турызму і іншых галін эканомікі.

Акрамя таго, ён паведаміў, што ўжо ў ліпені або жніўні на латвійскай мяжы з Беларуссю і Расіяй плануюць разгарнуць сістэму супрацьдзеяння беспілотнікам. Мэта — да канца года дасягнуць узроўню абароны ад дронаў, які мае Украіна дзякуючы свайму вопыту ва ўмовах вайны.

Пагадненне паміж Латвіяй і Украінай таксама прадугледжвае перадачу латвійскаму боку ўкраінскага досведу ў галіне супрацьдзеяння беспілотным сістэмам, абароны паветранай прасторы і развіцця сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней адзначыў, што гэтае супрацоўніцтва прадугледжвае не толькі сумесную вытворчасць, але і ўмацаванне абароннага патэнцыялу абедзвюх краін дзякуючы выкарыстанню ўкраінскага практычнага вопыту.

Чытайце таксама:

Паветраныя сілы ЗСУ пра рэтранслятары ў Беларусі: Цяпер расіянам значна цяжэй наносіць дакладныя ўдары

ЗША збіраюцца выпускаць ракеты па «мадэлі McDonald’s»

Украінскі вайсковец: Сцэнарый 2022 года, калі ішлі калоны з Беларусі, цяпер нерэалістычны

Паўднёвая Карэя зробіць усіх вайскоўцаў аператарамі дронаў

Каментары да артыкула