БЕЛ Ł РУС

Галкіпер Парагвая прадаў сваю форму з-за хваробы сына, а цяпер выбіў Германію і свайго куміра з чэмпіянату свету

30.06.2026 / 07:28

Nashaniva.com

Галоўны герой серыі пенальці ў матчы Германіі і Парагвая — брамнік Арланда Хіль. Ён адбіў два з першых чатырох нямецкіх пенальці і ў выніку дапамог сваёй камандзе выйграць серыю ў 1/16 фіналу чэмпіянату свету-2026.

Арланда Хіль. Фота: fifa.com

А між тым гэта чалавек, які ўвогуле не збіраўся стаць галкіперам. Першай важнай кропкай у кар'еры Хіля стаў раённы клуб «13 чэрвеня» ў Сан-Ларэнса, піша sports.ru.

«Я заўсёды марыў гуляць у футбол, — распавядаў Арланда. — Спачатку быў форвардам, але потым мне паставілі выбар: або становішся ў вароты, або адпраўляешся ў запас».

13‑гадовы Хіль выбраў браму. Ён вельмі шмат прапускаў. Таму шмат працаваў над сабой: пастаянна глядзеў відэанарэзкі з Вальдэсам і Касільясам, а яшчэ прагульваў школу, каб патрэніравацца.

«Столькі ўспамінаў… — казаў ён. — Напрыклад, як мама сварылася на мяне за прагулы. Як бы я хацеў, каб яна ўбачыла, праз што я прайшоў і дзе апынуўся. Але жыццё такое: цяпер яна назірае за мной з нябёсаў і дорыць мне ўдачу. Я заўсёды буду ўдзячны ёй за ўсё, што яна зрабіла для мяне».

Паступова Хіль набраў форму. А потым атрымаў вялікі шанец — выклік у зборную Парагвая U17. Гэта быў унікальны выпадак: прадстаўнікі зборнай прыехалі паглядзець гульца звычайнай раённай каманды.

Потым яго заўважыў парагвайскі «Сан-Ларэнса» і падпісаў кантракт. З 16 гадоў ён гуляў за рэзервовую каманду. У 18 яго выклікалі ў зборную Парагвая U20, разам з якой ён выступіў на моладзевым Кубку Амерыкі-2019. У 2020 годзе дэбютаваў за асноўную каманду «Сан-Ларэнса», якая неўзабаве вылецела з вышэйшага дывізіёна.

Яму далі жартоўную мянушку — «Куртуа» ў гонар галкіпера мадрыдскага «Рэала».

А каго сам Хіль называе сваімі кумірамі?

«З дзяцінства мне вельмі падабаўся Мануэль Ноер [галкіпер Германіі, які гуляў у сённяшнім матчы супраць Парагвая — НН]. Потым захапілі Марк-Андрэ тэр Штэген [таксама галкіпер зборнай Германіі — НН] і Цібо Куртуа. Іх стыль гульні вельмі падобны да майго. А яшчэ — Хасэ Луіс Чылаверт легендарны галкіпер Парагвая ў 1990‑я — HH]. За яго ўдары і лідарскія якасці».

Сын Хіля нарадзіўся раней часу. Дзеля лячэння давялося прадаваць свае рэчы

Паступова Хіль стаў асноўным брамнікам «Сан-Ларэнса», хоць месца ў складзе даводзілася адстойваць.

Варта разумець рэаліі парагвайскага футбола: у клубах сярэдняга ўзроўню, як «Сан-Ларэнса», заробкі невялікія і часта выплачваюцца з затрымкамі.

У гэты ж час у сям'і Хіля ўзніклі сур'ёзныя праблемы.

Яго сын Лаўтара Даніэль нарадзіўся неданошаным, таму ў першыя дні жыцця яму была неабходная дарагая медыцынская дапамога.

«Калі Лаўтара нарадзіўся, у нас увогуле нічога не было», — успамінала жонка футбаліста Меліса Авалас.

У 2022 годзе Хіль распрадаў амаль усё, што меў.

«Ён прадаў буцы, красоўкі — літаральна ўсё», — расказвала Меліса.

Сярод прададзеных рэчаў былі клубная экіпіроўка і футболка зборнай Парагвая U20, у якой ён выступаў на Кубку Амерыкі-2019. Для яго гэта была асаблівая рэліквія — сімвал здзейсненай дзіцячай мары.

Хіль не любіць успамінаць той перыяд.

«Я ўдзячны Богу за ўсё, што Ён нам даў, і за ўсё, праз што мы прайшлі разам з сям'ёй», — сказаў ён у нядаўнім інтэрв'ю.

Дэбютаваў за нацыянальную зборную ўжо пасля выхаду на чэмпіянат свету

На пачатку 2024 года, пасля змены кіраўніцтва ў аргенцінскім «Сан-Ларэнса», кар'ера Хіля атрымала новы імпульс.

Прэзідэнт парагвайскага клуба Ціта Перальта звязаўся з новым прэзідэнтам аргенцінскага «Сан-Ларэнса» Марсела Марэці і расказаў яму пра таленавітага брамніка.

«У парагвайскім «Сан-Ларэнса» яму не давалі дастаткова даверу. Амаль кожны год куплялі новага брамніка. Марыа мяне зразумеў і зрабіў усё для яго пераходу. Гэта быў вырашальны момант. Інакш ён і сёння сядзеў бы ў Парагваі без шанцаў», — казаў Перальта.

Спачатку Хіль далучыўся да клуба на правах арэнды, гуляў за рэзерв, а пасля быў выкуплены і паступова стаў асноўным брамнікам.

На пачатку 2025 года ён выдатна праявіў сябе ў «Сан-Ларэнса» і прыцягнуў увагу трэнера зборнай Парагвая Густава Альфара.

«Ён яшчэ малады, але ўжо дэманструе майстэрства, надзейнасць і сталасць. У «Сан-Ларэнса» вельмі складана гуляць, але ён выдатна з гэтым спраўляецца. Шэсць «сухіх» матчаў гавораць самі за сябе», — адзначыў Альфара.

За нацыянальную зборную Хіль дэбютаваў толькі ў верасні 2025 года — ва ўзросце 25 гадоў.

Адразу паспяхова: Парагвай перамог Перу 1:0, а сам Хіль адыграў матч без прапушчаных галоў.

Цікава, што свой дэбют ён правёў ужо пасля таго, як Парагвай аформіў выхад на чэмпіянат свету.

Да гэтага ў галоўнага трэнера не было сталага першага нумара, а Хіля выклікалі проста як альтэрнатыву. Але яго ўпэўненая гульня і праца на трэніроўках хутка зрабілі яго асноўным брамнікам.

Матч супраць Германіі стаў для яго ўсяго дзясятым у складзе нацыянальнай зборнай.

Пенальці — галоўная зброя Хіля

У 2025 годзе Перальту спыталі пра галоўныя якасці брамніка.

«Ён выдатна гуляе нагамі і цудоўна адбівае пенальці. Гэта сапраўдны спецыяліст. Вельмі добра дзейнічае пры ўдарах зблізку і ў руху, а апошнім часам значна дадаў у гульні на выхадах і ў паветры».

Месяц таму Хіль ужо прадэманстраваў гэтыя здольнасці ў матчы паміж «Сан-Ларэнса» і «Рывер Плэйтам». Тады ён таксама адбіў два пенальці, але партнёры не рэалізавалі чацвёрты і пяты ўдары, і каманда прайграла.

Пасля таго матча журналісты нават спыталі, ці не хацеў ён сам прабіць пенальці.

«Думаў пра гэта, але трэнер ужо прызначыў выканаўцаў, і я вырашыў паважаць яго рашэнне. На жаль, мы прайгралі», — адказаў ён.

Любоў да выканання пенальці засталася яшчэ з тых часоў, калі ён гуляў у нападзе. Нават цяпер на трэніроўках Хіль часам просіць дазволу прабіць сам.

На гэты раз гісторыя склалася інакш.

Некалькі тыдняў таму яго крытыкаваў легендарны парагвайскі брамнік Хасэ Луіс Чылаверт.

«Ён маўчыць. Брамнік павінен размаўляць. Калі супернік уваходзіць у апошнюю трэць поля, ён абавязаны кіраваць абаронай і крычаць партнёрам, каб тыя падняліся вышэй», — казаў Чылаверт.

«Верце ў гэтую каманду»

Напярэдадні чэмпіянату свету Хіля папрасілі звярнуцца да заўзятараў Парагвая.

Ён сказаў: «Верце ў гэтую каманду, якая пасля столькіх гадоў нарэшце вярнулася на чэмпіянат свету. Гэты склад здольны на вялікія справы. Падтрымка кожнага з вас будзе неацэннай. Паверце, мы аддамо ўсе сілы. Думаю, Парагвай выступіць вельмі добра».

Ужо цяпер можна сказаць: гэтыя словы аказаліся прарочымі.

Чытайце таксама:

Першая мегасенсацыя на чэмпіянаце: Германія вылецела ўжо ў 1/16 ад сціплага Парагвая

Зборная Бразіліі здабыла валявую перамогу над Японіяй і выйшла ў 1/8 фіналу мундыялю

Марока прабілася ў 1/8 фіналу, у серыі пенальці абыграўшы Нідэрланды

Каментары да артыкула