Сакратар Рады бяспекі заклікаў беларусаў не ездзіць у Расію
Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў сітуацыю з беларускім аўтобусам.
Аляксандр Вальфовіч
«Мы ж папярэджвалі, [Аляксандр Лукашэнка] не раз выступаў і казаў: паважаныя беларусы, устрымайцеся ад паездак сёння ў Расію, асабліва ў памежныя вобласці. Там кожны дзень падаюць беспілотнікі, здараюцца такія нядобрыя выпадкі. Мы не закрывалі межы, гэта рашэнне кожнага — ехаць ці не ехаць.
Гэта не аўтобус арганізаванай экскурсіі, гэта не нейкая школа, не спартыўнае таварыства, не ад нейкага міністэрства, ведамства. Гэта абсалютна прыватныя паездкі розных грамадзян нашай Беларусі, якія вырашылі паехаць у Анапу на Чорнае мора. … пры руху туды яны падвяргаюць сябе, несумненна, вялікай небяспецы», — сказаў старшыня Рады бяспекі.
Беларускі аўтобус, недалёка ад якога ў Бранскай вобласці 2 ліпеня ўзарваўся дрон. Скрыншот з відэа
«У нас шмат азёр, рэк, лясоў, прыгожых месцаў, куды можна паехаць, узяць палатку і адпачыць з сям'ёй, цывілізавана, культурна, атрымліваючы асалоду ад прыроды. Можна знайсці і іншыя спосабы адпачынку на тэрыторыі нашай любімай Беларусі.
Паважаныя суайчыннікі, устрымайцеся сёння ад паездак. Вы падвяргаеце небяспецы і сябе, і сваіх блізкіх, тых, хто з вамі едзе. Гарантаваць бяспеку ў такіх паездках вам ніхто не зможа, пакуль не спыніцца спецыяльная ваенная аперацыя (так у Расіі і лукашэнкаўцы называюць вайну — НН). Трэба думаць сваёй галавой, прымаць правільнае рашэнне», — заклікаў Вальфовіч.
Чытайце таксама:
Ва Украіне назвалі сітуацыю з беларускім аўтобусам у Бранскай вобласці «свядомай правакацыяй расіян»
З’явілася ВІДЭА з аўтобусам, у які трапіў дрон пад Бранскам
Стала вядома, чый аўтобус пацярпеў ад дрона ў Бранскай вобласці