БЕЛ Ł РУС

Надмагіллі вернуць на Сухую. Улады адрэагавалі на вываз камянёў з Яўрэйскіх могілак у Мінску

3.07.2026 / 12:21

Nashaniva.com

У адказ на крытыку вывазу 250 гістарычных мацэваў з тэрыторыі былых Яўрэйскіх могілак улады і прадстаўнікі іўдзейскай грамады заявілі, што камяні перамясцілі толькі часова, і пасля рэстаўрацыі яны вернуцца назад у выглядзе новага мемарыяла.

Вываз гістарычных надмагілляў з тэрыторыі Яўрэйскага мемарыяльнага парку. Фота: тэлеграм-канал адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. 

Раней абаронцы помнікаў выказвалі непакой, што вывезеныя на вуліцу Даўмана надмагіллі застануцца каля мясцовай сінагогі назаўжды. Гэта пазбавіла б тэрыторыю на вуліцы Сухой апошніх напамінаў пра тое, што тут існавалі яўрэйскія могілкі, знішчаныя ў савецкі час.

Аднак днём 3 ліпеня, нягледзячы на святочны Дзень Незалежнасці, сітуацыю афіцыйна пракаментавала адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска. 

Згодна з заявай улад, вываз камянёў — гэта толькі тэхнічны этап. Мацэвы перамясцілі для таго, каб спецыялісты змаглі правесці іх поўную каталагізацыю, ачысціць ад шматгадовага бруду і зафіксаваць імёны і даты. Дзесяцігоддзямі гэтыя пліты разбураліся пад уздзеяннем ападкаў і перападаў тэмператур.

Вываз гістарычных надмагілляў з тэрыторыі Яўрэйскага мемарыяльнага парку. Фота: тэлеграм-канал адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. 

Вываз гістарычных надмагілляў з тэрыторыі Яўрэйскага мемарыяльнага парку. Фота: тэлеграм-канал адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска 

Пасля завяршэння прац камяні абяцаюць вярнуць на вуліцу Сухую. На іх аснове будзе створаны архітэктурны ансамбль — лапідарый, які ўвекавечыць памяць пра некропаль, заснаваны тут яшчэ ў 1868 годзе.

Дзеянні валанцёраў падтрымаў і галоўны рабін Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Мардэхай Райхінштэйн.

«На могілках пліты былі раскіданыя хаатычна. Няма ніякай сувязі з месцам, дзе знаходзіцца пліта, і самой плітой, і няма ніякай гарантыі, што ў такім выпадку яны будуць захаваныя. Стварэнне мемарыяла — адзіны спосаб дастойна захаваць сведчанні гісторыі», — адзначыў рабін.

Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў пацвердзіў, што канцэпцыя будучага мемарыяла абмяркоўвалася з рэлігійнай грамадой яшчэ ў красавіку. Чыноўнік асобна падкрэсліў, што будучы лапідарый з'явіцца менавіта на вуліцы Сухой і стане значным аб'ектам для ўсяго раёна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула